Рэактывацыя Адама Міцкевіча ў Гародні



У межах праекта “Міцкевіч. Рэактывацыя” ў Гародні адбыліся чытанні твораў знакамітага польскага паэта. Мерапрыемства, арганізаванае Генеральным консульствам Рэспублікі Польшча, сабрала прыхільнікаў яго таленту з Беларусі і Польшчы – як настаўнікаў і вучняў сярэднеадукацыйных школ, так і выкладчыкаў вышэйшых навучальных установаў і студэнтаў. На думку прафесара Гарадзенскага універсітэта імя Янкі Купалы, доктара філалагічных навук Святланы Мусіенкі, творчасць класіка польскай літаратуры сёння застаецца актуальнай, нягледзячы на тое, што прайшло амаль 160 гадоў з дня яго смерці:

– Такія паэты, як Адам Міцкевіч, вечна запатрабаваныя – і беларусам, і палякам, і ўсяму свету. Чаму? Таму што тое, што гаварылі яны, застаецца ў сэрцы кожнага з нас. Добрая паэзія заўсёды запатрабаваная. А Міцкевіч, яго не толькі можна дэкламаваць, але і спяваць, і думаць, і адчуваць дабро.

Праект “Міцкевіч. Рэактывацыя” прымеркаваны да 160-й гадавіны з дня смерці Адама Міцкевіча і будзе доўжыцца цягам году. За гэты час пройдуць разнастайныя мерапрыемствы, прысвечаныя жыццю і творчасці класіка польскай паэзіі.

Беларускае Радыё Рацыя