«Рэквіем» Моцарта ў мурах Фарнага касцёла



У старажытных мурах Фарнага касцёла Гарадзенская капэла ўпершыню ў сваёй гісторыі выканала «Рэквіем» Вольфганга Амадэя Моцарта. Сотні гарадзенцаў прыйшлі паслухаць адзін з найбольш знакамітых твораў музыкі ўсіх часоў. Акрамя салістаў камернага хору ўдзел у канцэрце прыняў вядомы польскі бас Багдан Артур Макал.

Як зазначыў мастацкі кіраўнік Гарадзенскай капэлы Уладзімір Борматаў, выкананне такога твора, як «Рэквіем», патрабуе перад усім асэнсавання ягонай духоўнай сутнасці:

— Гэта, вядома, адзін з найбольш складаных твораў для выканання. Для мяне, як для дырыжора толькі цяпер настаў час, калі я магу смела за гэта ўзяцца. І я мяркую што я ахапіў гэта так, як на дадзены момант гэта было б добра.

Марына Гаравая, салістка Гарадзенскай капелы:

— Для мяне гэта ачышчэнне душы і не проста музыка на незразумелай мне мове, гэта малітва пра збаўленне. 

Багдан Артур Макаль, бас-барытон з Польшчы:

— «Рэквіем» бе’е рэкорды папулярнасці і пакідае незабыўнае ўражанне ў кожнага выканаўцы.

«Рэквіем» ствараўся Моцартам па кананічных лацінскіх тэкстах на замову графа Франца фон Вальзэга. Пасля смерці кампазітара працу скончылі Йозэф Эйблер і Франц Ксавэр Зюсмайер.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня