Саладуху не ўзялі на адбор Еўрабачання



Пра намер Аляксандра Саладухі ўдзельнічаць у нацыянальным адборы на Еўрабачанне стала вядома літаральна ў апошнюю хвіліну. Па словах спевака, ён доўга не мог падабраць песню для ўдзелу ў гэтым конкурсе. Але ў выніку з дапамогай сябра Алега Елісеенкава спыніўся на творы «Чорныя крумкачы».

«Уся краіна хоча, каб я ўдзельнічаў, уся краіна. Кожны дзень мне пра гэта кажуць. Нельга адмовіць», — расказвае Аляксандр Саладуха.

Аднак раніцай 25 лістапада, літаральна за дзень да адкрытага праслухоўвання, Аляксандру пазванілі з тэлебачання і паведамілі сумныя навіны. «Паведамілі мне, што не дапушчаны да конкурсу. Аказваецца, гэтая песня ўжо гучала (па правілах Еўрабачання, удзельнічаць у ім могуць толькі новы песні). Аўтары мяне не папярэдзілі… У расійскага выканаўцы яна была. А з новай песняй ужо нельга, нельга», — зусім нявесела расказвае Саладуха „Еўрарадыё„.

https://www.youtube.com/watch?v=XNcs-SJ-37Q

Тыя самыя «Чорныя крумкачы», з якімі Аляксандр Саладуха збіраўся на Еўрабачанне

У Белтэлерадыёкампаніі сумную гісторыю Аляксандра Саладухі пацвердзілі. «Гэтая песня ўжо выкарыстоўвалася. Можаце самі на Ютубе паглядзець», — кажуць там.

Адрозненне сёлетняга адборачнага конкурсу на Еўрабачанне ў тым, што выбіраць удзельніка ад Беларусі будуць выключна гледачы, раней гэта рабіла прафесійнае журы. Беларускі фінал пройдзе не пазней за 25 студзеня 2016 года. Агульнаеўрапейскі фінал — у траўні ў Стакгольме.