Самыя арыгінальныя вароты на Гарадзеншчыне



Калі едзеш ці ідзеш па адной адзінай вуліцы вёскі Вялікая Кракотка Слонімскага раёна, то здалёк кідаецца ў вочы прыгожы дом з варотамі і веснічкамі. У гэтым доме жыве Таццяна Жарко, але яе дома застаць не ўдалося, таму прыйшлося пагутарыць з вяскоўцамі. Людзі і расказалі, хто так арыгінальна ўпрыгожыў парадны ўваход на падворак гаспадыні. Аказалася, што гэта сыны спадарыні Таццяны выкавалі з металу прыгожыя пеўнікі, коцікі, указальнікі, ліхтары, паляўнічага са стрэльвай на даху хаты і іншыя ўпрыгожванні. А гаспадыня іх пафарбавала і напісала тэкст.

Асабліва арыгінальным аказаліся стрэлкі, якія паказваюць  у якім накірунку ад вёскі знаходзяцца Нью-Ёрк, Хельсінкі, Стакгольм, Масква, Мінск і іншыя гарады свету, а таксама колькі кіламетраў да іх ад Вялікай Кракоткі. Побач са стрэлкамі гарадаў ёсць і стрэлкі, якія накіроўваюць да суседніх вёсак: Малой Кракоткі, Сялявіч, Рудаўкі… І што цікава, што подпісы на стрэлках і паштовай скрынцы зроблены па-беларуску, а сталіцы свету напісаны на іх мовах. Спыніцца каля такіх варотаў і не сфатаграфаваць – проста немагчыма.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонімскі раён

Фота аўтара