Шчучын прымае гасцей Дня беларускага пісьменства



У Шчучыне праходзіць Дзень беларускага пісьменства – свята, якое паказвае адзінства друкаванага слова з гісторыяй і культурай беларускага народа. На працягу двух дзён у раённым цэнтры адбудуцца шматлікія канцэрты, літаратурныя вечарыны, сустрэчы з пісьменнікамі, а таксама выставы і круглыя сталы, прысвечаныя  беларускаму друкаванаму слову, развіццю літаратуры і мовы ў сучасным грамадстве.

Як зазначае святар Георгій Рой, Дзень беларускага пісьменства – свята вельмі важнае і значнае ў жыцці беларускага народа:

– Не можа існаваць той народ у якога няма сваёй пісьменнасці. Пісьменнасць – гэта адзін з тых фактараў, які дазваляе беларусам называцца беларусамі і мець сваю незалежную дзяржаву. Гэта насамрэч свята якое мае і духоўны сэнс, сацыялагічны і гістарычны.

Галоўныя ўрачыстасці Дня беларускага пісьменства ў Шчучыне пройдуць 6-га верасня. Пасля ўрачыстага адкрыцця адноўленага палаца Друцкіх-Любецкіх адбудзецца шэсце ў цэнтр горада, дзе на працягу дня гасцей свята чакаюць шматлікія мерапрыемствы, шэраг з якіх прысвечаны 80-годдзю з дня нараджэння пісьменніка Уладзіміра Караткевіча.

У межах святкавання Дзён беларускай пісьменнасці Гарадзеншчына прымае дабрадайны іерусалімскі агонь.

Адмысловая міжнародная навукова-асветніцкая эспедыцыя “Дарога да святыняў” штогод ладзіць падарожжа ў месца, дзе праходзяць дні беларускай пісьменнасці.

agon7

Протаіерэй Сергій Гардун

У гэтым годзе шлях агню пачаўся 2-га верасня ў Менскім кафедральным саборы. Мерапрыемства ладзіцца ў 22 раз і па словах протаіерэя Сергія Гардуна нагадвае пра святло асветы, якое дае чалавеку рэлігія:

– Наша беларуская культура, наша беларуская мова мае свае вытокі сапраўды ў хрысціянстве. На нашай зямлі пакуль продкі нашы былі паганцамі, не было ніводнай кнігі, не было ніводнай школы. Нашы продкі невядома колькі б яшчэ жылі без кніг і без школ, калі б не хрысціянізацыя.

Дабрадайны іерусалімскі агонь ад труны Гасподняй штогод на Вялікдзень прывозяць у Менскі кафедральны сабор, дзе святыня і захоўваецца. У гэтым годзе міжнародная навукова-асветніцкая экспедыцыя па дарозе ў Шчучын наведала Баранавічы, Івацэвічы, Пружаны, Свіслач, Вялікую Бераставіцу і шэраг іншых мясцовасцяў.

Беларускае Радыё Рацыя