«Шляхецкая Спадчына Беларусі» у цэнтры Менска



Цэнтр беларускай сталіцы на некалькі гадзін акунуўся ў сапраўдную шляхецкую атмасферу. У двары Нацыянальнага Гістарычнага Музея адбылася прэзентацыя праекта «Шляхецкая Спадчына Беларусі». Шляхецкі тэатр «Захаранка Арт–груп» сумесна з музеем паспрабаваў актуалізаваць культурныя традыцыі і здабыткі шляхетных продкаў беларусаў. «Такія мерапрыемствы ажыўляюць нашу гісторыю,» — гаворыць Дар’я Астрагаловая, вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага гістарычнага музея.

— Гэты праект павінен абудзіць самасвядомасць беларусаў, паказаць ім, што ў нас вельмі багатыя традыцыі, вельмі цікавыя традыцыі, якімі мы можам ганарыцца, якія трэба развіваць і пра якія трэба памятаць.   

«Менчукам выпала такая класная магчымасць шляхетна скончыць свой тыдзень» — адзначыла Дар’я Астрагаловая. Разынкай праграмы сталася міні-пастанова «Шляхта ў Карчме».

Шляхецкая спадчына стала займаць усё большае месца ў беларускай культуры. Вяселлі, карпаратывы, святы і нават народзіны ў арыстакратычным стылі перастаюць быць дзіковінкай. Савецкая, пралетарскае і народнае ўсё больш саступае месца шляхетнаму. Шляхецкі тэатр «Захаранка Арт–груп» таксама распрацаваў адмысловую праграму для школьнікаў. «Мы стварылі праект па ажыўленні і актуалізацыі нашай культуры,» – гаворыць дырэктар арт-групы Андрэй Захаранка:

— Калі праект зараз запусціцца мы мяркуем ён значна пашырыць набор таго, што мы прапаноўваем. Самі паедзем да людзей, бо дагэтуль толькі да нас прыязджалі на тыя пляцоўкі, дзе мы працавалі. У межах гэтага праекту мы плануем выехаць да дзетак у першую чаргу. Прыязджаць да навучальнай установы і на месцы ўсё гэта паказваць, у іхнай спартовай зале. І не страшна, што спартовая, але ў душы будзе беларуская шляхецкая культура.

Больш інфармацыі пра праект можна пабачыць на адмысловым сайце.

Алесь Вайтовіч, Беларускае Радыё Рацыя