Шорт-ліст сёлетняга „Глінянага Вялеса”



Гэтую літаратурную прэмію можна атрымаць толькі раз у жыцці. Яна не вызначаецца грашыма, а прэстыжам. Таксама лаўрэат атрымлівае сімвалічную статуэтку апекуна мастацтва.

Гаворка, безумоўна, пра ўзнагароду “Гліняны Вялес”, якраз стаў вядомы кароткі спіс намінантаў на сёлетняе адзначэнне. Пра гэта расказвае старшыня аргкамітэту, літаратар і выдавец, наш рэдакцыйны калега – Алесь Аркуш. (на фота: уручэнне прэміі „Гліняны Вялес – 2015″ пісьменніку Андрэю Федарэнку).

DSCF2225

РР: Стаў вядомы шорт-ліст намінантаў на атрыманне літаратурнай прэміі Гліняны Вялес. Гэтую штогадовую прэмію яшчэ ў 1993 годзе заснавала Таварыства вольных літаратараў, нязменным старшынём арганізацыйнага камітэту з’яўляецяся вы. І ведаю, што сёлета кароткі спіс намінантаў вырашылі пашырыць…

Шорт-ліст заўсёды з’яўляецца ў студзені. Раней у ім было пяць пазіцый, але ў мінулым годзе адбылася актыўная дыскусія адносна таго, што яго трэба пашырыць. Справа ў тым, што „Гліняны Вялес” разглядае ўсе мастацкія кнігі, гэта значыць і дзіцячыя, і прозу, і паэзію, і нон-фікшн, і дакументальную літаратуру, і многія кніжкі з розных жанраў не траплялі ў гэты спіс. Таму сёлета мы склалі шорт-ліст з сямі пазіцыяў. Але, па-праўдзе, ужо і летась у шорт-лісце „Вялеса” было сем кніг, мы дабавілі дзве пазіцыі.

РР: То бок вы шорт-ліст пашырылі жанрава?

Найперш мы пашырылі яго па колькасці пазіцый, і як вынік ён, безумоўна, пашырыўся і жанрава. Такім парадкам, ён выглядае наступным чынам:

Алег Аблажэй “Красамоўнае сэрца” “Мастацкая літаратура” Сяргей Абламейка “Мой Картаген” Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода Валянціна Аксак “Дзікая сьліва” “Кнігазбор” Леанід Галубовіч “Поўня” “Кнігазбор” Алесь Пашкевіч “Рух” “Кнігазбор” Франц Сіўко “Плебейскія гульні” “Логвінаў” Аляксей Шэін “Сем камянёў” “Пазітыў-цэнтр”

Агулам чальцы аргкамітэту прэміі разгледзелі каля 50 кніг, таму адбор прайшоў няпросты. Хоць Алесь Аркуш кажа, што цяжка ахапіць усе кнігі, якія выдаюцца, таму заклікае і аўтараў, і выдаўцоў дасылаць кніжкі або паведамляць пра іх.

РР: Кожны год лаўрэат атрымлівае стод апекуна мастацтва – сам „Гліняны Вялес” – у якасці ўзнагароды. Ці вядома, хто сёлета зоймецца вырабам гэтай статуэткі?

Традыцыйна апошнім часам у нас гэтым займаецца кераміст з Наваполацка Валеры Дунеўскі. Ён робіць гэтую ўзнагароду па эскізах легендарнага, славутага мастака Сержука Цімохава, які, на жаль, ужо не жыве. Але мы пра яго абавязкова ўзгадваем у час узнагароджання лаўрэата.

Алесь Аркуш кажа, што прозвішча сёлетняга лаўрэата дазнаемся ў сакавіку, сама цырымонія ўзнагароджання плануецца ў траўні. Звычайна яна праходзіць або ў Менску ў Музеі Петруся Броўкі ці кнігарні „Галіяфы”, або ў Полацку ў легендарным музеі кнігадрукавання.

У мінулым годзе лаўрэатам літаратурнай прэміі “Гліняны Вялес” быў пісьменнік Андрэй Федарэнка за кнігу “Ціша”.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя.