Што перашкодзіла аднавіць палац Агінскіх якасна?



Недахоп фінансавых сродкаў не дазволіў дзяржаве правесці якасную рэстаўрацыю палаца Агінскіх у Залессі і аднавіць яго аўтэнтычны выгляд.

zalesse7

Шклопакеты ў аранжэрэі, выкарыстанне сучасных матэрыялаў пры правядзенні ўнутраных прац у палацы, адсутнасць гадзінніка на галоўнай вежы і прыцягненне некваліфікаваных будаўнікоў замест спецыялістаў – рэстаўратараў сведчаць пра эканомію сродкаў пры правядзенні рэстаўрацыі, што па словах краязнаўцы Сяргея Верамейчыка з’яўляецца паказчыкам таго, як беларуская дзяржава ставіцца да захавання ўласнай спадыны:

– Можна было б урэшце рэшт спачатку зрабіць макет, паколькі гэта рабілася так трошку, на маю думку, кулуарна. Таму вось такія вынікі – фасад сапсаваны, проста парушана прапорцыя. Атрымалася як адзін архітэктар сказаў: “Здаецца, што Агінскі пабудаваў спачатку вялікую цяплярню, а вакол яе пабудаваў палац”.

Згодна з рашэннем ЮНЭСКА 2015 год абвешчаны годам Міхала Клеафаса Агінскага, які жыў у Залессі на працягу 20 гадоў – з 1802 па 1822.

25 верасня бягучага года з дня нараджэння аўтара знакамітага паланэза „Развітанне з радзімай” спаўняецца 250 гадоў, у сувязі з гэтым у „Паўночных Афінах” запланавана правядзенне ўрачыстых  мерапрыемстваў, прысвечаных памяці выбітнага патрыёта, дыпламата і кампазітара.

Беларускае Радыё Рацыя