Шварцэнэгер прыкінуўся васковай фігурай у музеі мадам Цюсо



Амерыканскі кінаакцёр Арнольд Шварцэнэгер прыкінуўся васковай фігурай у музеі мадам Цюсо ў Галівудзе. Як паведамляе The Inquistr, ён быў загрымаваны ў „Тэрмінатара”, а калі наведнікі падыходзілі да „скульптуры”, каб зрабіць фота, ён пачынаў з імі размаўляць.

Адзначаецца, што акцыя стала часткай маркетынгавай кампаніі фільма „Тэрмінатар: Генэзіс”, які выйдзе ў пракат 2 ліпеня, і дабрачыннай праграмы All-Stars, у межах якой акцёр збірае грошы на арганізацыю пазашкольных заняткаў для дзяцей.

У абмен на ахвяраванні, якія можна зрабіць на сайце Omaze, дабрачынцам падораць адзенне з аўтографамі былога губернатара Каліфорніі, квіткі на прэм’ерны паказ новага „Тэрмінатара”, ці арганізуюць асабістую сустрэчу з акцёрам.

У фільме „Тэрмінатар: Генэзіс” Арнольд Шварцэнэгер, які выконвае ролю састарэлага кібарга-забойцу, сустрэнецца са сваім маладым двайніком, Тэрмінатарам, які толькі што прыбыў з будучыні. Апошні быў створаны з дапамогай камп’ютарнай графікі.

lenta.ru