Слонімцы ўзгадваюць Алега Лойку



З самай раніцы 1 траўня на гарадскія могілкі ў Слоніме ідуць людзі да магілы славутага слонімца, доктара філалагічных навук, прафесара, члена-карэспандэнта Нацыянальнай Акадэміі Навук, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі, былога дэкана філалагічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта Алега Лойкі (1931–2008). 1 траўня Алегу Лойку споўнілася б 84 гады.

Узгадалі свайго знакамітага земляка і сябры Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл. Яны таксама наведалі магілу Алега Лойкі і ўсклалі кветкі. Сяргей Чыгрын сказаў, што Алег Лойка – адна з навялікшых асобаў Беларусі ХХ стагоддзя, які шмат зрабіў для беларускай філалогіі, літаратуры, навукі. “Сем гадоў таму не стала Алега Антонавіча, але да сённяшніх дзён так і не ўвекавечана памяць пра яго ў Слоніме, а таксама ў Белдзяржуніверсітэце, дзе ён усё жыццё адпрацаваў. Гэта дзякуючы яму мы сёння маем выдатныя яго даследаванні пра Францыска Скарыну, Максіма Багдановіча, Янку Купалу, Якуба Коласа, Адама Міцкевіча, гісторыю беларускай літаратуры ў двух тамах, дзесяткі кніг ягонай паэзіі, перакладаў на беларускую мову вершаў польскіх, нямецкіх, французскіх паэтаў. Алег Лойка 25 гадоў кіраў універсітэцкім літаб’яднаннем “Узлёт”, адкуль выйшлі дзясяткі таленавітых паэтаў, празаікаў, драматургаў, якія сёння плённа працуюць на ніве нашай літаратуры”, – адзначыў Сяргей Чыгрын.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім. Фота аўтара.