Станіславоўская кафлярня – у спісе гісторыка-культурнай спадчыны



Гарадзенскую Станіславоўскую кафлярню – комплекс пабудоваў ХІХ стагоддзя, што стаіць на скрыжаванні вуліц Мендзялеева і Чырвонаармейскай, – уключылі ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі. Комплекс гэтых пабудоваў спрабавалі ўнесці ў ахоўны спіс цягам апошніх пяці год.

get_img

Распавядае гарадзенскі гісторык Андрэй Вашкевіч:

– Такіх старадаўніх аб’ектаў, якія будаваліся менавіта як прамысловыя, у горадзе параўнальна няшмат. А ў апошнія дзесяцігоддзі іх стала яшчэ менш. Таму можна сказаць, што будынак унікальны і паводле тых функцыяў, якія ён меў, калі ўзводзіўся, і паколькі гэта была комплексная забудова. Бо Друцкія-Любецкія, якія будавалі гэтую кафлярню, мелі адначасова цагельню. Таму можна сказаць, што яны з уласнай цэглы пабудавалі яшчэ і кафлярню.

Андрэй  Вашкевіч лічыць, што ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі трэба ўносіць таксама яшчэ адметную драўляную архітэктуру Гародні, якая знаходзіцца ў раёне Новы Свет, а таксама старажытныя вайсковыя казармы на Фолюшы і Чырвонаармейскай.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота t-styl.info