«Стары Ольса» за тыдзень сабраў 7000 даляраў на альбом



Беларускі фолк-гурт „Стары Ольса” за тыдзень сабраў на міжнароднай краудфандзінгавай платформе Kickstarter 7 тысяч даляраў на запіс альбома рок-хітоў у сярэднявечнай стылістыцы.

Плануецца, што ў альбом увойдуць сярэднявечныя версіі кампазіцый такіх гуртоў як Metallica, Pink Floyd, Red Hot Chili Peppers, The Beatles, Deep Purple і Nirvana, паведамляе Onliner.by.

«Стары Ольса» ужо эксперыментавала з рок-класікай ў сярэднявечнай апрацоўцы. Для тэлевізійнага праекту «Легенды. Live »група выканала кампазіцыю One гурта Metallica. На Youtube запіс гэтай кампазіцыі праглядзелі ўжо амаль 1,5 млн разоў.

«Мы граем сярэднявечную музыку з 1999 года. Мы любім гук аўтэнтычных інструментаў таго часу і гісторыю нашай краіны. Калі мы гралі кампазіцыю One гурта Metallica дзеля задавальнення, здарыўся цуд. Гэта адчулі людзі ва ўсім свеце, многія з іх пыталіся, ці з’явіцца гэтая кампазіцыя на фізічным носьбіце, – кажуць музыкі. – Мы хочам зрабіць гэта і атрымаць усе неабходныя ліцэнзіі, таму што ўсе музыкі заслугоўваюць таго, каб за іх працу плацілі».