StereoForum: у Менску сустрэнуцца героі культуры Беларусі і Украіны



З 17 па 19 cакавіка беларуска-украінскі фэст StereoForum прадставіць культуры дзвюх краін.  Будзе паказаная кінаверсія спектаклю „Мая Мікалаеўка”, па якім быў зняты фільм-пераможца Berlinale 2017, кароткі метр фестывалю Wiz-Art і відэапаэзія з Украіны. Лекцыя “Украінская новая драма” падрыхтуе да міжнароднай чыткі п’есы, а ўдзельнікі ініцыятываў «ГаліціяКульт» і PoetryMail раскажуць пра масты паміж рэгіёнамі. Пройдуць сустрэча з аўтарам кнігі-даследавання  савецкіх манументальных мазаік в Украіне і выступ паэтаў дзвюх краінаў у суправаджэнні музыкі і відэа.

«Гэта самы сок сучаснай культуры!» — кажа паэт і прадстаўнік каманды фестывалю Алесь Плотка.

— Гэтая ініцыятыва адбываецца ў межах глабальнай еўрапейскай акцыі Tandem. З мінулага года Беларусь змагла таксама браць у ёй удзел. І цалкам лагічна, што першая краіна з якой мы змаглі наладзіць кантакт для праграмы абмену стала братэрская Украіна. Увосень каманда беларускі культурных мэнэджэраў наведала Украіну, а дакладней горад Харкаў, дзе далучылася да правядзення вядомага фестываля ГаліціяКульт і прадставіла свае ініцыятывы. А цяпер увесну камандай валанцёраў робіцца візіт у адказ.

Па словах арганізатараў, форум пачаўся з пошуку стэрэатыпаў, якія існуюць у двух народаў адносна адзін аднаго. У працэсе стала зразумела, што тэма стэрэатыпаў не заўсёды прадуктыўная і часта контраргументы да адной аблуды толькі ствараюць новыя. Само слова “стэрэатып”і праца са стэрэатыпамі выводзяць нас на слова “стэрэа”.  Два меркаванні, як два канала гуку маюць сэнс і гучаць правільна толькі разам. Два полюсы, якія заўжды разам. Гэта першы досвед, у планах – штогадовы форум у абласных цэнтрах Беларусі.

Мерапрыемствы ў межах StereoForum:

17 сакавіка 17.00 / Прэзентацыя Львоўскай кінакамісіі і лепшых працаў фэста WizArt

17 сакавіка 21.30 / Angie, Baisan, Buben, Naruszewicz, актуальная відэапаэзія ў суправаджэнні легендарных імправізатараў + прэзентацыя ініцыятывы Poetry mail

18 сакавіка 13.30 / Скайп-лекцыя Анастасіі Галаўненка “Украінская новая драма”

18 сакавіка 15.00 / Чытанне п’есы “Твари проклятые” (18+) Яўгена Маркоўскага (Украіна), рэжысёр – Сяргей Анцэлевіч  (Беларусь)

18 сакавіка 19.00 / Кінаверсія спектаклю „Мая Нікалаеўка”, па якому быў зняты фільм  «Школа №3». Наталля Варажбіт пра спектакль, фільм і “Тэатр перасяленца”.

19 сакавіка 12:00 / Сустрэча з фатографам Яўгенам Нікіфаравым і прэзентацыя праекта  «Декомунізовані: українські радянські мозаїки»

Алена Вільтоўская, Беларускае Радыё Рацыя