“Сцежкамі Міколы Тарасюка”



На радзіме Міколы Тарасюка з’явіліся новыя скульптурныя кампазіцыі ў гонар знакамітага майстра. Гэта стала вынікам мастацкага пленэру “Сцежкамі Міколы Тарасюка”, які праходзіць у вёсцы Стойлы Пружанскага раёна другі раз.

img_2690_s

Калі на першым пленэры непадалёк ад былой сядзібы Тарасюка з’явіўся стылізаваны крыж і фігура самога рэзчыка, то гэтым разам арганізатары разам са скульптарамі вырашылі ўвасобіць у матэрыяле сямейную легенду.

Расказвае аўтар адной са скульптур Анатоль Туркоў:

– Гэта са словаў Мікалая Васільевіча Тарасюка, калі яго дзед коней пасвіў. З’явіўся яму прывід і сказаў, што ў яго народзіцца ўнук, для якога ён падрыхтаваў падарункі, вось гэтую кнігу і залаты пярсцёнак. Мы ўзялі гэтую тэму на сваю скульптурную кампазіцыю.

Кампазіцыя носіць назву “Пачатак” і складаецца з фігур Мікалаевага дзеда з пярцёнкам і постаці прывіда з Евангеллем у руцэ. Адначасова з новымі працамі, прысвечанымі разбяру, у Стойлах пачаў працу культурна-адукацыйны цэнтр на базе аграсядзібы “Стулы”.

Як зазначаюць уласнікі сядзібы Аляксандр і Ларыса Быцко, адным з прыярытэтных накірункаў працы цэнтра стане якраз папулярызацыя асобы і творчасці Міколы Тарасюка.

Алеся Лугавая, Беларускае Радыё Рацыя