“Суайчыннікі-2” ад Валерыя Стратовіча



У гарадзенскай арт-галерэі “Крыга” адбыўся вернісаж выставы Валерыя Стратовіча “Суайчыннікі-2”. Прадстаўленыя працы з’яўляюцца сімбіёзам сакральнай тэматыкі і карыкатуры, што падкрэслівае іх незвычайнасць. У майстра пэндзля сэнсавыя перапляценні гратэска і рэчаіснасці заўсёды выклікаюць зацікаўленне, якое ён з дапамогай фарбы пераўтварае ў незвычайныя адлюстраванні. Сам Валер Стратовіч лічыць выставу часткай шляху, які праходзіць як мастак і чалавек:

 – Мне прыйшлося жыць у эпоху гэтых зменаў. Мне, напрыклад, пашанцавала, я бачыў і ліхія 90-ыя, мы ў гэты час працавалі і выставы рабілі. Камуністы рабіліся алігархамі. Для мастака і пісьменніка, я лічу, час абалдзенны.

Яніна Пільнік, старшыня Таварыства польскіх мастакоў на Беларусі:

– Гэтыя карціны паказваюць нам хібы нашага характара, нашыя духовыя хібы. І сапраўды калі кожны з нас здолее пазнаць сярод гэтых героеў сябе, то магчыма гэта будзе штуршком да лепшай змены.

Ян Перагінец, каваль і мастак, Гародня:

 – Гадоў 10 ён імкнуўся менавіта да такой творчасці. Каб паказаць сусвет ва ўсім каларыце – у гэтым яго асаблівасць.

Пачынаючы з 1988 года Валер Стратовіч вядзе актыўную творчую дзейнасць у Гародні. Яго працы знаходзяцца як ў музеях Беларусі, так і ў прыватных калекцыях Заходняй Еўропы. Доўгі час з’яўляецца сябрам Таварыства польскіх мастакоў, што дзейнічае пры Саюзе палякаў на Беларусі.

Выстава ў гарадзенскай арт-галерэі “Крыга” працягнецца да 6 кастрычніка 2015 года.

 Беларускае Радыё Рацыя, Гародня