Свята кветак у Росіцкім касцёле



«І кветкі хваляць Пана» – свята кветак пад такой назвай адбылося ў касцёле Святой Тройцы вёскі Росіца, Верхнядзвінскага раёна. Яго ўпершыню арганізаваў тутэйшы ксёндз-кветкавод Чэслаў Курэчка.

Святар пасадзіў разам са сваімі парафіянамі ў ваколіцах касцёла больш за 200 відаў розных кветак і саджанцаў, пра якія распавёў прысутным.

Як кажа Чэслаў Курэчка, ён вельмі любіць сваіх парафіянаў і кветкі, якія ім дорыць пры нагодзе.

— Кабеткі бедныя: такія прыгожыя, такія працавітыя. Хочацца іх заўважыць і аддзячыць, ці то цюльпанам ці то крокусам. Мне падабаецца рабіць людзям радасць. Старыя, дык ажно расплачуцца, і кажуць: «Ай-яй, мы сядзім бедныя, забітыя, у хаце, а вы за нас моліцеся і памятаеце пра нас».

На мерапрыемстве прысутнічаў біскуп Віцебскай дыяцэзіі, Алег Буткевіч, мясцовыя ўлады і вернікі, а таксама, пілігрымы з Полацка, Глыбокага, Барысава. Падчас свята адбыліся святочная імша, віктарына на веданне кветак з уручэннем прызоў, ды агульны пачастунак ля вогнішча.

Кожны прысутны мог набыць саджанцы кветак і дрэваў.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара