Свята паэзіі на Радзіме Анатоля Сыса



Свята паэзіі Анатоля Сыса прайшло ў вёсцы Гарошкаў Рэчыцкага раёна.

Сёлета мерапрыемства прайшло пры спрыянні мясцовых уладаў, якія прадаставілі для гасцей фэсту памяшканне Дома Культуры ў суседнім мястэчку Заспа.

Старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў, Барыс Пятровіч, перакананы, што ад такой супрацы выйграе ўсё беларускае грамадства.

— Мы кожны раз прыязджалі сюды, і кожны раз было такое надвор’е: то сонейка, то дожджык, а то, увогуле, снег. На двары было не надта зручна гаварыць пра Анатоля, спяваць песні на ягоныя словы, таму, мы вельмі ўдзячныя мясцовым уладам за тое, што яны павярнуліся тварам да нас, да Анатоля, і дазволілі правесці сёлетнюю імпрэзу ў Доме культуры. Спадзяюся, гэта была не разавая акцыя.

Паэтэса Наста Кудасава падкрэслівае важнае значэнне паэзіі Анатоля Сыса для яе творчасці:

— Я добра помню той момант, калі ўпершыню прачытала вершы Анатоля Сыса. Гэта было ў школе, і для мяне, як для школьніцы, гэта быў іншы свет: адкрыццё чагосьці новага, новай паэтычнай мовы. Гэта была іншая беларуская паэзія, не такая, якую я ведала дагэтуль. Безумоўна, у нейкай ступені, можна сказаць, што я, такая якая ёсць, сфармавалася пад уплывам гэтых паэтаў.

«Сёлета Анатолю Сысу споўнілася б 56 гадоў. Пры жыцці ён паспеў выдаць тры зборнікі паэзіі «Агмень», «Пан лес» і «Сыс», якія былі высока ацэненыя крытыкамі і чытачамі.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара