Свята Пакровы ў Гародні



Свята-Пакроўскі кафедральны сабор Гародні арганізаваў у горадзе Пакроўскае свята, якое пачалося двумя ранішнімі святочнымі літургіямі і хросным ходам.

pakrowy

Пасля набажэнства адбыўся Пакроўскі кірмаш, на якім можна было наведаць дабрачынныя выставы, паўдзельнічаць у майстар-класах народных майстроў і пачуць беларускія народныя песні ў выкананні творчых калектываў горада.

Як зазначае настаяцель Пакроўскага кафедральнага сабора айцец Георгій Рой, сёлетнія Пакровы – спроба адрадзіць народную традыцыю, якая стагоддзямі існавала на Беларусі:

– Свята сведчыць пра надзвычайную любоў прасвятой Багародзіцы да хрысціян. Прасвятая Багародзіца найвышэйшы прыклад чалавечай любові, найвышэйшы прыклад мацярынскай любові.

Майстар па лепцы з гліны Святлана Дудзінская:

– Трэба запрашаць, каб маглі прымаць удзел народныя майстры, каб маглі адраджаць нашу нацыянальную культуру, каб мы прывучалі нашых дзяцей таксама.

Удзел у Пакроўскім кірмашы прыняло больш за тысячу чалавек – як жыхароў горада, так і яго гасцей. Гарадзенская епархія плануе, што свята стане традыцыйным, а кола ўдзельнікаў з кожным годам будзе пашырацца.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня