Святочны малебен на цудадзейнай крыніцы Грамякі



Памяць Вялікапакутніка і лекара Панцеляймона ўшанавалі праваслаўныя вернікі Пастаўскага і Глыбоцкага раёнаў. Вадасвяточны малебен адбыўся на крыніцы Грамякі, паблізу вёскі Сарокі Асінагародскага прыходу.

maleben-4

Паводле святара Анатоля Папова, гэтае месца шануецца з часоў паганства. Сама ж крыніца  – небяспечная, глыбінёй каля 200 метраў, налічвае некалькі соцен год свайго існавання, пра яе існуе ў ваколіцах шмат легенд і паданняў. Самыя распаўсюджаныя, што ў часы паганства ёй у ахвяру кожны год прыносілі самую маладую і прыгожую дзяўчыну,тут патапіўся сын князя ў амуніцыі, а пасля і 16 быкоў запар.

– Я знайшоў гэтую крыніцу, яна зарасла, але вада цякла. Мы яе пачысцілі, паставілі крыж, асвяцілі. Людзі сюды прыязджаюць па ваду. Гэтае месца было святым і да хрысціянства і зараз яно святое і застанецца такім.

Ужо больш за 10 год праваслаўныя вернікі моляцца на крыніцы Грамякі і бяруць з яе вялікімі ёмістасцямі ваду.  Як кажуць прыхаджане, вада з крыніцы ім вельмі падабаецца за цудоўны смак і добрае захоўванне.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара