Сягаў паэтычным словам увысь



Ёсць людзі, якіх нацыі не заменіць ніхто. Менавіта такім быў Генадзь Бураўкін – дзяржаўны дзеяч, прадстаўнік Рэспублікі Беларусь у ААН, стваральнік нацыянальнага тэлебачання, але найперш геніяльны Паэт і вялікі Чалавек.

З Генадзем Бураўкіным мне пашчасціла быць знаёмым асабіста. Найчасцей даводзілася сустракацца ў Вільні на розных канферэнцыях і ўрачыстасцях беларусаў Балтыі. У 2011-ым на адной з такіх імпрэзаў Генадзя Мікалаевіча віншавалі з 75-ымі ўгодкамі. Адзін з выступоўцаў тады сказаў, што толькі сваёй “Калыханкай” Генадзь Бураўкін зрабіў больш для адраджэння роднай мовы, чым многія цэлыя арганізацыі і ўстановы. Бураўкін напісаў мноства адметных твораў, якія ляглі ў скарбонку беларускай паэзіі. Многія з вершаў сталі папулярнымі песнямі: “Я не ганю землі чужыя” і “Незнаёмка”, “Малітва” і “Белы снег”, “Матылі” і “Зачараваная” – класіка нашай песеннай культуры. Але найбольш і па-сапраўднаму народнай стала менавіта “Калыханка” (“Доўгі дзень”), музыку да якой напісаў стваральнік славутага некалі яшчэ за савецкім часам ансамблю “Верасы” – Васіль Раінчык.

На нашым студэнцкім курсе гарадзенскага гістарычнага факультэту была любімая песня “Жар-птушка” (у свой час першым яе выканаўцам быў ансамбль “Сябры”), якую мы часта спявалі пад гітару. Але толькі праз гадоў дваццаць я даведаўся, што яе словы стварыў таксама Генадзь Бураўкін, прычым напісаў іх у той год, калі нарадзілася бальшыня маіх аднакурснікаў. Спяваем мы яе заўсёды і зараз, калі збіраемся сяброўскай грамадой:

“Мы ідзём па сцяжынках, на якія не вернемся…”.

Buraukin

Алена Макоўская, Яўген Вапа, Генадзь Бураўкін, Вільня, 2011 год

Заўсёды ўражвала сціпласць Генадзя Бураўкіна і яго ўважлівасць да іншых. Ён не меў ні кроплі фанабэрыі, уласцівай многім іншым творцам. Нават намнога маладзейшых ён запамінаў з першага разу, ведаў, хто чым займаецца, трымаўся ў кампаніі на роўных. Расказваў такія гісторыі з свайго жыцця, які проста прасіліся на дыктафон. Напэўна праз нейкі час мы яшчэ прачытаем тое, што дагэтуль яшчэ не публікавалася. Быў носьбітам сапраўднай інтэлігентнасці і ўзорам беларускай прыстойнасці. Неяк так здаралася некалькі разоў, што прыязджаючы ў Менск, мне шчасціла сустракаць яго выпадкова – на вуліцы, ці ў метро. Прымаючы з непадробнай шчырай радасцю апошнія выпускі беластоцкай “Нівы”, Генадзь Мікалаевіч заўсёды пытаўся пра справы рэдакцыі, пра беларусаў Беласточчыны, перадаваў зычлівыя прывітанні. Ён сапраўды быў чалавекам усёй беларускай прасторы і жыва цікавіўся рознымі беларускімі праявамі і праблемамі.

Памятаю, як на пахаванні Генадзя Бураўкіна на развітанне людзі спявалі песні на яго вершы. Гэта было надзвычай сумнае, але і адначасна нейкае светлае развітанне. Напэўна таму, што Генадзь Бураўкін пражыў насычанае, багатае на яскравыя падзеі і сяброў жыццё. Напэўна таму, што ён абдарыў усіх сваім паэтычным пяшчотным і ласкавым Словам як сапраўдным сонечным цяплом.

Ён аддаў Беларусі ўсё, што мог. Беларусь яму не дадала, не скарысталася напоўніцу талентам і дарам Паэта, не аддзячыла належна. На пахаванне правесці ў апошні зямны шлях гэтага чалавека прыйшло тысячы паўтары людзей, а мусілі прыйсці дзесяткі тысяч. Сталічныя ўлады на Усходніх могілках Менску не адвялі яму пачэснага месца на бліжняй алеі, дзе пахаваныя многія выдатныя беларускія пісьменнікі і дзеячы культуры. Месца апошняга спачыну Генадзя Бураўкіна ў аддаленым сектары. Можа гэта таксама сімвалічна – ён быў, нягледзячы на свае рэгаліі і дасягненні, вельмі сціплым чалавекам. Зусім блізка з магілай Бураўкіна месца пахавання выбітнага спартоўца Рамуальда Кліма. Алімпійскі чэмпіён у свой час далей іншых у свеце кідаў молат. Народны паэт Бураўкін вышэй іншых сягаў у далячынь і глыбіню беларускім словам, якое ў яго бруілася, іскрылася, віравала, грала, лашчылася, ззяла і мела непаўторнае хараство і чароўнасць. Застаецца памяць, застаюцца вучні, шматлікія кнігі і песні. Застаецца ягоная геніяльная “Малітва за Беларусь”, якая напэўна стане ў адзін ровень з гімнам “Магутны Божа” Натальлі Арсеньневай.

“Божа, не дабаў майму народу пошасці, няпраўды і пакут”…

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя