Сяргей Шапран: “Каб колер Часу ад часу ўратаваць…”



Са сваім сённяшнім героем мы праз гады сустрэліся на нядаўняй вечарыне памяці Генадзя Бураўкіна, дзе прэзентавалася начытаная голасам апошняга аўдыёкніга са ста вершамі “Голас паэта”.

IMG_0352

Сяргей, здаецца, не змяніўся – усё такі ж жвавы, хударлявы, з жывымі, глыбокімі вачыма, у якіх, праўда, чытаецца самота. Як я зразумеў пазней, не толькі, як па Дастаеўскаму – калі “вялікая мудрасць спараджае вялікую маркоту”.  Ягонае  засмучэнне – ад шэрагу смерцяў, што прайшлі цугам – не проста галоўных герояў артыкулаў ды кніг. ГЕРОЯЎ І ЯГО ЖЫЦЦЯ. Імёны, што многага каштуюць – Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, вось і Генадзь Бураўкін…

Усё гэта і вызначыла тэмы размовы з журналістам, літаратуразнаўцам, даследчыкам Сяргеем Шапранам. Як зазвычай, кароткая візітоўка суразмоўцы. Яму 47. Нарадзіўся ў Рызе. Скончыў філфак Белдзяржуніверсітэта. Друкаваўся ў перыядычных выданнях “Советская молодёжь”, “Час”, “Субота”, “Знамя юности”, “Имя”, “Белорусская деловая газета”, “Новы час”, у часопісах “Дзеяслоў”, “Абажур”. Атрымаў дыплом Саюза тэатральных дзеячаў, прэмію “За ўнёсак у развіццё беларускай рок-музыкі”. Лаўрэат прэміі імя Алеся Адамовіча за даследаванне “Васіль Быкаў. Гісторыя жыцця ў дакументах, публікацыях, успамінах”.

РР: Сяргей, упершыню пазнаёміліся з табой на журналісцкай “рок-сцэне” ў 90-х, калі я вёў першы беларускі “хіт-парад “Беларускай маладзёжнай”, а рок-фэны зачытвалі да дзір твае інтэрв’ю з Віктарам Цоем, Барысам Грабеншчыкавым, Юрыям  Шаўчуком, Жанай Агузаравай. Якім чынам адбыўся вонкава рэзкі твой паварот да зуброў беларускай духоўнасці? Тым больш, і наша мова для цябе не была роднай…

qw4

Сяргей Шапран: Усё так, але паралельна ішлі і палітычныя матэрыялы, і інтэрв’ю з вядомымі расейскімі музыкамі і акторамі. А яшчэ ў 1989-м адбылася  першая размова з Васілём Быкавым, са Святланай Алексеевіч… Увогуле, добрая літаратура цікавіла мяне з дзяцінства. Хоць калі жыў у Рызе, маё веданне Беларусі абмяжоўвалася імёнамі таго ж Васіля Быкава, старога складу “Верасоў” і “Песнярамі”… І сапраўды, падчас працы ў “Имени” і “БДГ” доўгі час пісаў найперш пра расейскае. Мабыць, упершыню задумаўся пра тое, што трэба надаваць больш увагі беларускаму, пасля аднаго тэлефанавання чытачкі ў “БДГ”. Яна спытала, чаму пішу пераважна пра расейскае, – хоць гэта было й ня зусім так. Недзе ў той час якраз і пазнаёміўся з Рыгорам Барадуліным, якога, засяроджанага, дагэтуль часцяком сустракаў на менскіх вуліцах. Дзядзька Рыгор аказаўся добрым, спагадлівым ды інтэлігентным суразмоўцам. З тых часоў пачаліся нашы пастаянныя стасункі, якія з цягам часу перараслі, спадзяюся, у сяброўскія — наколькі гэта ўвогуле магчыма пры вялікай розніцы ва ўзросце дый улічваючы саму велічыню асобы Барадуліна. Гэтак жа, дзякуючы журналістыцы, старэйшым сябрам стаў з цягам часу і Генадзь Бураўкін. Адносіны з імі сталі для мяне моцным энергетычным ды духоўным падмацаваннем. У апошнія тыдні перад сыходам Генадзя Мікалаевіча я прызнаўся ў гэтым яму, і Бураўкін, пацвердзіўшы, сказаў: “Так, мы з Рыгорам стараліся падтрымліваць цябе”… Цяпер вось застаўся толькі Уладзімір Някляеў… А што да мовы, дык упершыню загаварыў на ёй у будатрадзе ў Карэліі, дзе два месяцы працаваў разам з вядомымі Міхасём Скоблам ды Славамірам Адамовічам. Пасля пярэрвы – працаваў жа ў “рускіх” выданнях – загаварыў па-беларуску перадусім з дзядзькам Рыгорам, бо, па-першае, хацеў гаварыць з ім на ягонай мове, па-другое, адчувалася, што Барадуліну было даволі цяжка размаўляць не на роднай яму мове. І калі ўжо потым пяць год працаваў над кнігай пра Васіля Быкава, для мяне было прынцыповым напісаць яе менавіта па-беларуску. Зрэшты, у тым дапамагла жонка – беларускі філолаг. Сёння ж, бадай, усё маё атачэнне беларускамоўнае. Дый сам я ўжо “мыслю” часцяком на беларускае мове…

qw8

 

РР: Але першакрыніца тваёй спачатку прафесійнай цікаўнасці да вышэй пералічаных асобаў – “яны лепшыя, яны першыя”?   

Сяргей Шапран: Канешне, для мяне яны і зараз лепшыя і першыя сярод сучасных літаратараў. Апроч таго, у таго ж Васіля Быкава цікавейшая і змястоўнейшая біяграфія, пра якую толькі і распавядай! Дарэчы, біяграфічную кнігу я пасля хацеў напісаць і пра Барадуліна, але ў яго ўсё панітавана на літаратуры, на паэзіі. У дзядзькі Рыгора біяграфія, так бы мовіць, перадусім “унутраная”, а не “вонкавая”. Хоць і для яго змог нешта зрабіць – разам  з Наталляй Давыдзенкай  падрыхтавалі кнігу ліставання Рыгора Барадуліна з мамай Акулінай Андрэенай “Паслаў бы табе душу…” Таксама выйшлі кнігі гутарак “Тры мяхі дзядзькі Рыгора, альбо Сам-насам з Барадуліным” і яго ліставання з Васілём Быкавым “Дажыць да зялёнай травы…”. Яшчэ адно выданне – кніга вершаў апошніх часоў “У неба пехатою” – стала ўжо пасмяротным… Між іншым, дзядзька Рыгор вельмі падтрымліваў мяне падчас працы над кнігай пра Васіля Быкава. Разам ездзілі ў вандроўкі ў Гародню і Віцебск. Прычым ён імкнуўся прысутнічаць пры ўсіх маіх размовах пра Быкава – тлумачыў, што не да канца зразумеў сябра пры жыцці, дык хоча да рэшты адчуць пасля смерці. І калі ўзнікла адна няпростая сітуацыя, у выніку якой я думаў кінуць працу над гэтай кнігай, менавіта Барадулін сказаў: “Каб я больш гэтага ад Вас ня чуў!”

РР: Здаецца, героі цябе “перакваліфікавалі” з журналіста ў… Ты хто зараз – літаратуразнаўца, біёграф, а мо даследчык?

Сяргей Шапран: Ва ўсякім выпадку, не журналіст, што вечна спяшаецца. Дый, шчыра кажучы,  якраз у той час, калі пачаў працаваць над кнігай пра Васіля Быкава, мне здавалася, што я ўжо дасягнуў нейкай столі ў журналістыцы – я ня ведаў, куды рухацца далей. Да таго ж мне рэдка калі было дастаткова газетнай паласы, каб напісаць пра тое, пра што хацеў распавесці.

РР: Твой двухтомнік пра Быкава мае да паўтары тысячы старонак…

Сяргей Шапран: Меў усе дзве, але выдавец прапанаваў скараціць напалову. Між іншым, я не друкаваў бы гэту кнігу, каб не далі “дабро” першыя чытачы – найбліжэйшыя быкаўскія сябры Генадзь Бураўкін і Рыгор Барадулін, якія прачыталі яе вельмі ўважліва – ледзь не да кожнай коскі. Дый сама задума такой кнігі ўзнікла, трэба сказаць, не ў мяне: у часе паховінаў Васіля Уладзіміравіча да мяне звярнуўся Аляксандр  Фядута, які запытаўся, ці раблю я кнігу пра Быкава? Такім чынам Алякандр Восіпавіч і “зламаў” мой лёс.

РР: Табе насамрэч ёсць чым ганарыцца і як даследчыку – ты знайшоў, ачысціў ад двух соцень савецкіх цэнзарскіх правак і выдаў арыгінальны рукапіс кнігі Васіля Быкава “Мёртвым не баліць”. Дагэтуль ён сямнаццаць год не друкаваўся па-беларуску і больш дваццаці – па-расейску…

qw7

Сяргей Шапран: Проста трэба быць цікаўным. Працуючы над кнігай пра Быкава, я ўвесь гэты час пражыў з Быкавым “у галаве”. Тады па-за табой адчыняюцца нейкія нябачныя, але асязальныя “дзверы”, праз якія табе адкрываюць сапраўдныя скарбы. Ну, вось толькі адзін прыклад. Калі кніга “Мёртвым не баліць” без цэнзуры” была ўжо звярстаная і трэба было здаваць яе ў тыпаграфію, патэлефанаваў малодшы сын Васіля Уладзіміравіча – таксама Васіль. Ён паведаміў, што разбіраў гараж у Гародні і знайшоў скрыню з нататнікамі бацькі. Гэта былі распрацоўкі сюжэта “Мёртвым не баліць”, якія я нават не спадзяваўся адшукаць. Вядома, я тут жа спыніў друкаванне, а са знойдзенага дадаліся яшчэ дваццаць новых старонак кнігі.

РР: Цяпер падрабязней пра Някляева…

qw2

Сяргей Шапран: Ён упершыню зацікавіў мяне, як асоба і паэт, калі апынуўся ў замежжы. Перадусім, было, шчыра кажучы, завочнае непрыняцце паспяховага старшыні Саюза пісьменніка, занадта набліжанага да ўлады, – прынамсі, так яно тады бачылася…

РР: А ў савецкім мінулым яго яшчэ прылічвалі і да “камсамольскіх” паэтаў, які на з’ездзе КПСС цалаваўся з Брэжневым. Гэткая даніна афіцыйнай паспяховасці…

Сяргей Шапран: Кожны плаціць па рахунках. Мы сустрэліся ў Доме літаратараў выпадкова падчас аднаго з яго прыездаў з Хельсінкі. Прагаварылі шмат гадзін, і ў мяне было адчуванне, што гэтага чалавека ведаю вельмі даўно. Канчаткова скарыла мяне яго кніга “Так”, дзе паэмы “Паланэз” ды “Ложак для пчалы”, па-мойму, напісаныя на мяжы геніяльнасці. Між іншым, Барадулін апошнімі часамі толькі так і казаў пра Някляева – “геній, геній”… Увогуле, калі яшчэ займаўся журналістыкай, у мяне быў просты прынцып – не размаўляць з людзьмі, якія мне нецікавыя і не падабаюцца. Быкаў, Барадулін, Бураўкін, Някляеў, вядома, не з іх ліку.

РР: Самога цябе змянілі пастаянныя стасункі з імі?

Сяргей Шапран: Пасля раптоўнага і хуткага – адзін за другім – сыходу Барадуліна і Бураўкіна доўгі час я, шчыра кажучы, перабываў у дэпрэсіі. Не хапала таго ж дзядзькі Рыгора, з якім па тэлефоне гаварылі практычна штодня. Апошні раз ён пазваніў у той самы апошні дзень. Гэта была даравальная нядзеля, і мне пашанцавала папрасіць у яго прабачэння… А ў апошнія два тыдні жыцця запісваў успаміны Генадзя Мікалаевіча Бураўкіна… Увогуле, толькі праца і выратоўвае. Але, вядома, кнігі пра таго, каго цэніш і любіш, лепш рабіць пры іх жыцці, чым пасля…

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара, Глеба Лабадзенкі, Дзяніса Абухоўскага