Сёння ў праваслаўных – Вялікая Пятніца (абноўлена)



10-га красавіка праваслаўныя вернікі адзначаюць Вялікую пятніцу  – найбольш драматычны дзень у гісторыі Збавення людзей. Як кажа праваслаўны святар з Гародні Георгі Рой, кожны хрысціянін у гэты дзень суперажывае пакуты Ісуса Хрыста, а таксама Ягоную смерць на крыжы.

– Гэта не проста ўспамін. Гэта саўдзел ва ўсіх тых вялікіх падзеях, якія адбываліся з Хрыстом. Характар набажэнстваў такі, што мы як быццам бы пераносімся туды, на 2 000 гадоў назад, і назіраем і перажываем усё тое, што адбывалася. І калі мы гаворым пра Вялікія дні страсной нядзелі, то пятніца – самы строгі дзень усяго года.

У Каложскай царкве Гародні а 17-00 гадзіне 10-га красавіка пройдзе вынас Плашчаніцы, пасля якога пройдзе набажэнства “Пахаванне Плашчаніцы”. Плашчаніца праляжыць да позняга вечару Вялікай суботы.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

* * *

У Вялікі Чацвер у цэрквах служылі ютрань Вялікай Пятніцы, гэтак званыя 12 Евангелляў – чытанне 12 фрагментаў 4 Евангелляў пра апошнія моманты зямнога жыцця Хрыста.

DSC_0280

У час чытання паасобных Евангелляў вернікі трымаюць запаленыя свечкі, часта стаяць на каленях. Пасля апошняга чытання свечкі не гасяцца – вернікі нясуць іх дахаты.

Кажа адна з прыхажанак:

– Занясу дадому. Калі буду ісці, то абыду дом кругом, занясу, пастаўлю, перахрышчуся і скажу: „Госпадзі, дай Божа дачакацца праз год Святога Чацвярга, каб яшчэ занесці свечку ў царкву”.

Сёння ў праваслаўных Вялікая Пятніца. Вернікі будуць кланяцца Гробу Гасподняму – Плашчаніцы.

Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара