Тарас Паражняк: Усе мае…90!



Калі адчыніліся дзверы ягонай кватэры ў “машэраўскім” доме ля філармоніі, дзе жывуць выключна выкладчыкі ВНУ – найперш кінуліся ўдумлівыя, ясныя вочы будучага суразмоўцы. Той выпадак, калі «не па гадах» гаворыцца з супрацьлеглым сэнсам. І цяжка сказаць, што гэтаму чалавеку ў хатнім халаце з сівізной у барадзе, вусах ды валасах толькі-толькі споўнілася …90. Пасля, заўважыўшы пусты рукаў я задаўся ўнутраным пытаннем: як нават фізічна з адной рукой можна было маляваць, ляпіць свае творы?! Дый што там —стаць адным з найбольш знакамітых ды ўзнагароджаных у краіне мастакоў ды скульптараў, у тым ліку, на прафесійных міжнародных выставах?! Ён насамрэч жыў ды жыве «ўсім смярцям на злосць».

Тарас Мікалаевіч Паражняк, заслужаны дзеяч мастацтваў, ганаровы прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, што за тры дзесяцігоддзі ўзначальваў кафедру дэкаратыўнага мастацтва і мае дзесяткі знакамітых вучняў.

Тым часам ён, не чакаючы майго першага пытання, сам пачаў з таго, што вызначыла ўсё жыццё і прыходзіць ва ўспамінах па начах. Пра другую сусветную, якую сустрэў дабравольцам у 41-м у роднай Чаркасаўшчыне, на Украіне. І пракрочыў гады праз пакуты ды жорсткія раны жаўнерскімі шляхамі. Але пачаў з вясёлага.

— У 41-м ураджай зерня, пшаніцы надарыўся багацейшы. І мяне, камсамольца, кінулі камандзірам атрада па ўборцы. Спалі на калгасным сене, дзе завяліся вошы. Ноччу, узяўшы на кухні вялізны кацёл, пайшлі на бліжэйшую рачулку. Там а палове на шостую нас голымі і засталі кухаркі, што прыйшлі ладзіць сняданне. У катле варылі мы на зялёным лужку тыя вошы… Па начах з ружжамі дзяжурылі ў пошуках нямецкага дэсанта. Потым падаў заяву ў Харкаўскае авіятэхнічнае вучылішча. Паспеў адвучыцца месяц-паўтара, як немцы падышлі да Харкава. Мы там рылі акопы і вывучалі нутро “лятаючых трунаў”, як называлі “фанерныя” бамбардзіроўшчыкі Пе-2. У свае 18 я хуценька атрымаў званне лейтэнанта і стаў камузвода 533 артпалка. Пушачкі называлі “бывай, радзіма”. Мы стаялі ў 200 мэтрах наперадзе пяхоты і “лапалі” пад прыцэлы танкі. У жніўні 1942 на станцыі Ракаўка сустрэліся з “жаўнерамі польскімі” з арміі генерала Андэрса. Выпілі і ўзнікла патасоўка. Памятаю, з-за пытання: «Чаму ў Іран ад немцаў збягаеце?» Увогуле, пра смерць у атмасферы рэальнага бою думаў кожны: ад шараговага да генерала. 19 жніўня ўначы нас паднялі па «баявой трывозе». На правым беразе Дона стаяла 3 Румынская амія. Мы адкрылі шалёны агонь з усіх узбраенняў. Калі ўварваліся ў акопы, румыны стаялі з узнятымі рукамі: «Мая не страляла!» Хлопцы ж развароту аўтаматамі па пысах. Існаваў негалосны загад: «Не абцяжарвацца палоннымі». За намі ішлі расстрэльныя спецкаманды… Давялося абараняць Крэмль на навакольных дахах са “счацверынымі” кулямётамі. Быў пад Сталінградам. Маю ордэны Айчыннай вайны 1 і 2 ступеняў, медалі за абарону Масквы і Сталінграда. Нядаўна ўжо за мірныя справы атрымаў медаль Скарыны…

РР: Маладыя людзі, што прайшлі ў свае часы Аўганістан, “гарачыя кропкі”, пакутуюць на вайну: яна ім сніцца ў кашмарах, часам даводзячы да самагубства. Што было ў гэтым сэнсе з вамі?

— Было, але цяпер сніцца рэдка. Увогуле, тады быў кіраўнік, які браў за ўсё адказнасць на сябе: Сталін. Мы шчыра верылі, што змагаемся за Радзіму. Я, калі ўжо не маючы рукі, паступіў у Маскоўскую акадэмію мастацтваў, адмовіўся вывучаць “варожую” нямецкую мову.

РР: Рэмарк назваў вайну “свядомым шаленствам чалавецтва”…

— Так, я чуў. Я ненавіджу яе цяпер. І маю вялікія прэтэнзіі да ААН за нізкую актыўнасць па пагашэнні ўзрыўных ачагоў на Блізкім Усходзе, Паўночнай Афрыцы, на Украіне. Шкадую пра распад СССР. Хоць сам, прайшоўшы ў 9 гадоў праз галадамор на Украіне, разумею што не ўсё там было адназначна. Калі выдавалі па 100 грамаў хлеба з кукурузы ў дзень. Бацька тады паклаў публічна партбілет і быў рэпрэсаваны. А да 1929 года мелі 3 га зямлі. Каб былі мудрыя камуністы-кіраўнікі, гэта магутнейшая дзяржава была б дагэтуль. Мне здаецца, я б не дапусціў распаду!

РР: Чаго ж не пайшлі ва ўладу?

Тарас Мікалаевіч (смяецца ): Я ўжо займаўся творчасцю. Дарэчы, маляваць стаў з пяці гадоў. Да 8 працаў у Дзяржаўным мастацкім музеі. А творы мае ў музеях, на выставах і зараз маюцца ў Польшчы, Кітаі, Фінляндыі, Баўгарыі, Нямеччыне і ў італьянскім Паенцо. Я шчаслівы: у сваёй майстэрні за працай з задавальненнем працаваў нават і па начах. Маю дзесяткі вучняў-нашчадкаў, што ўжо самі сталі “народнымі”…

На здымках: Тарас Паражняк і ягоныя творы, фота аўтара

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя