ТБМ паабяцалі разабрацца з гістарычнай пліткай



У Гародні сябры Таварыства беларускай мовы патрабуюць вяртання гістарычнай пліткі і хочуць, каб яна была выстаўлена на агляд грамадзянам і турыстам.

Такі элемент гарадской гісторыка-культурнай спадчыны, паводле словаў чыноўнікаў, цяпер захоўваецца ў гісторыка-археалагічным музеі. Ужо некалькі праектаў, якія прадугледжвалі ўсталяванне пліткі на адмысловых месцах, не былі рэалізаваныя.

На асабістай сустрэчы з чыноўнікам аблвыканкама Віктарам Лісковічам сябры ТБМ атрымалі абяцанне разабрацца з пліткай. Кажа ўдзельнік сустрэчы Аляксандр Місцюкевіч:

– Спадзяванні такія не вельмі, такое дваякае ўражанне. Ён нас пачуў, як ён казаў: “Я вас пачуў”. Як гэта будзе выканана, я не магу сказаць таму, што гэта пытанне не толькі шэсць гадоў, яно вісіць нашмат больш, яно з тых даўніх часоў не вырашаецца. Не вырашалася яно пры Саўчанку, пры Шапіры не было вырашана да канца, ну і цяпер.

Удзельнікі сустрэчы з чыноўнікам аблвыканкама звярнулі ўвагу на тое, што вонкавае афармленне дзяржаўных устаноў ігнаруе дзяржаўную беларускую мову. Значная колькасць шыльдаў у Гародні, дзе знаходзяцца ўстановы, напісаны на расейскае мове, што дыскрымінуе мову тытульнай нацыі.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня