Традыцыйны абрад «Радзіны» паказалі ў Берасці



Фальклорныя гурты з Бярэзіншчыны і Пружаншчыны завіталі ў Берасце, каб паказаць як праводзіцца і чым адрозніваецца традыцыя святкавання «Радзінаў» (хрэсьбінаў) у розных кутках Беларусі. Падрабязней пра візіт кажа дырэктар Менскага абласнога цэнтра народнай творчасці Раіса Вайцяхоўская:

— Мы ўпершыню на такім мерапрыемстве, мы прыехалі з Менскай вобласці. Нас запрасілі на этнічны канцэрт «Рух зямлі». Я так разумею, што мы павінны пасябраваць, завесці сяброўства, паглядзець, чым жывуць берасцейцы, і як на самой справе працуюць фальклорныя калектывы вобласці. Мы прывезлі два калектывы з Бярэзінскага раёна, дзіцячы і дарослы. Гэта фальклорны гурт«Валошкі» і сямейна-абрадавы гурт «Радзіна». Нам вельмі прыемна, што мы будзем увасабляць, паказваць, як дзіця ўжо нарадзілася і яго збіраюцца хрысціць. Як гэта робіцца менавіта ў Менскай вобласці, у Бярэзінскім раёне.

Святлана Каржук, дырэктар Берасцейскага абласнога грамадска-культурнага цэнтра:

— Удзельнічаюць толькі фальклорныя калектывы, але і з найменнем «народны» і без такога наймення. Многія калектывы, калі прыязджаюць да нас, у іх ёсць стымул росту, яны стараюцца быць больш якаснымі.

Мерапрыемства праходзіла ў будынку Берасцейскага грамадска-культурнага цэнтра ў межах цыкла «Рух зямлі». Натхняльнікам праекта з’яўляецца Ларыса Быцко загадчык аддзела традыцыйнай культуры дадзенага цэнтра.

Поўны матэрыял слухайце ў далучаным аўдыёфайле:

1

2

3

4

5

6

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Фота аўтара