Транспамежная кніга паэзіі дайшла да беларускага чытача



Палеска-падляшская кніга «Вершы. Казкі. Запіскі» даехала на радзіму адной з аўтарак. У Кобрыні адбылася прэзентацыя сумеснага зборніка падляшскай майстрыцы Зоі Майстровіч і каравайніцы, былой настаўніцы з Кобрынскага раёна Марыі Кірылюк.

Марыя Кірылюк:  Я выказваю шчырую падзяку ўсім прысутным за тое, што знайшлі час і прыйшлі сёння на гэтую сустрэчу, каб выказаць нейкую ўвагу да нашых сціплых асоб, маёй і пані Зоі Майстровіч.

 Тут у асноўным вершы, казкі і песні, прысвечаныя дзеткам, тым, каму прысвяціла ўсё сваё жыццё. І ў кожным мне хацелася і развесяліць дзетак і паказаць нейкія цуды, чамусьці навучыць…

Укладальнік кнігі «Вершы. Казкі. Запіскі» Дарафей Фіёнік:

— За кніжкай павінна ісці падзея. Тут можна было б выдаць аўтару асобна, але гэта не мела б такога ўзроўню як цяпер, калі ёсць мноства аналогій, і геаграфічных і жыццяпісных, дзвюх аўтарак: Зоі Майстровіч і Марыі Кірылюк. Марыя Кірылюк нарадзілася ў вёсцы Бельск пад Кобрынем, мы выдаём кнігу ў Бельску Падляшскім. А яшчэ ёсць асоба, якая спалучае Орлю, адкуль Зоя Майстровіч і вёску Камень Шляхецкі, гэта асоба айца Фёдара Агіевіча, праваслаўнага настаяцеля прыходу ў Орлі, які ў 1926 пераехаў у Камень Шляхецкі, пабудаваў там храм, у якім да сёння моліцца Марыя Кірылюк.

Зоя Майстровіч:

— Я цешуся, што дацанілі мае вершы і знайшліся такія людзі, з якімі мы супольна пішам і ў нас адны думкі і адна мова. Я вельмі рада, што нас так шчыра і прыемна павіталі.

Паміж Кобрынем і Бельскам з 2012 года дзейнічае партнёрскае пагадненне. Кніга, што пад адной вокладкай сабрала творы ўраджэнак гэтых дзвюх мясцовасцей, сімвалічна замацавала пабрацімства гарадоў, асабліва ў сферы культуры.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным аўдыёфайле:

Алеся Лугавая, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара