Ці з’явіцца ў Слоніме помнік Льву Сапегу?



Старшыня Слонімскага райвыканкама Алег Таргонскі правёў прэс-канферэнцыю для мясцовых журналістаў. На пытанне: калі ўсё ж у Слоніме будзе ўзведзены помнік Льву Сапегу, спадар Таргонскі сказаў: “Помнік Льву Сапегу мы абавязкова ўстановім. Аб гэтым мы не раз гутарылі з нашым земляком – вядомым скульптарам Іванам Міско. Ёсць, праўда, шэраг момантаў і праблемаў, але яны вырашальныя і думаю, што ў нас усё атрымаецца. Я прапаную помнік Сапегу паставіць у скверыку насупраць драмтэатра, але пра гэта трэба яшчэ параіцца са слонімцамі”.

Нагадаем, што помнік Льву Сапегу ў Слоніме ўжо “ставіцца” гадоў пятнаццаць. Але ён так пакуль і не з’явіўся. Праект помніка даўно ўжо зроблены тым жа Іванам Міско, які родам са Слонімшчыны.  Але ні ранейшыя старшыні райвыканкама, ні сам скульптар для Слоніма асабліва не рупіліся і не спяшаюцца гэта ажыццяўляць.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Слонім