Творчасць „Незабудак” прызналі нематэрыяльнай спадчынай Беларусі



“Незабудкі” – не забудзе ніхто, хто паслухае спевы гэтага  фальклорнага аўтэнтычнага калектыву з Чавускага раёна Магілёўскай вобласці. Спеўнае і танцавальнае мастацтва ў выкананні гэтага гурта прызнанае нематэрыяльнай спадчынай Беларусі. Удзельніцамі калектыву з’яўляюцца 80-гадовыя бабулі з адной вёскі Галавенчыцы, якіх, на жаль, засталося ўжо толькі чатыры.

nezabudki_1

Але і гэтыя чатыры жанчыны здольныя разварушыць публіку і прыцягнуць увагу замежнікаў не толькі сваімі спевамі і танцамі, але і самабытнымі касцюмамі. Паводле старэйшыны калектыву Надзеі Казловай, якая кіравала ім больш за 35 год, рэпертуар у “Незабудак” вялікі і разнастайны:

– Беларускія, украінскія, рускія народныя песні, і ваенных песняў шмат. Выконваем старадаўнія песні, якія спявалі нашыя матулі, а яны іх чулі яшчэ ад сваіх матуль.

Удзельніц фальклорнага калектыву “Незабудкі” часта параўноўваюць з вядомымі пасля “Еўрабачання”  ўдмурцкімі “Буранаўскімі бабулямі”.

nezabudki_2

Яны таксама маюць моцныя і меладычныя галасы,  сваю адметную манеру выканання і з’яўляюцца такімі ж актыўнымі.  Нягледзячы на ўзрост, “Незабудкі” ездзяць з канцэртамі не толькі па Беларусі, але і наведваюць бліжэйшае замежжа – Расею і Літву.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара