Творчы праект пад назвай «Кляксы»



Гарадзенскі мастак Сяргей Кірко прадставіў у гарадзенскай галерэі “У Майстра” некалькі дзесяткаў працаў, што аб’ядналіся ў творчы праект пад назвай «Кляксы».

Назва праекту сведчыць пра пэўную іронію, закладзеную у дадзенай серыі работ. Іранічнае стаўленне да жыцця наогул уласціва аўтару.

У  Сяргея Кірко іронія раскрывае супярэчлівы сэнс твораў шляхам спалучэння знешняй сур’ёзнай ацэнкі і схаванай кпіны. Ствараецца ўражанне, што нехта насамрэч пакінуў кляксы на палотнах.

Пра выставу распавядае кансультант галерэі “У Майстра” Ксенія Зайцава:

– Асноўнай ідэяй выставы “Кляксы” з’яўляецца ідэя імправізацыі. Невыпадкова карціны Сяргея Кірко выклікаюць асацыяцыі з блюзавай і джазавай музыкай. За лёгкасцю прац Сяргея Кірко адчуваецца сур’ёзная акадэмічная падрыхтоўка і вялізны творчы досвед. 

У памяшканні галерэі створана адчуванне прысутнасці аўтара: пасярод пакоя, дзе развешаны працы Сяргея Кірко стаіць стол, ляжыць кніга пажаданняў, дзе можна пакінуць допіс пра выставу.

Выстава будзе працаваць напрацягу бліжэйшых некалькі тыдняў.

Беларускае Радыё Рацыя