У аб’ектыве – міжваенны Беласток



У Берасцейскім абласным краязнаўчым музеі адбылося ўрачыстае адкрыццё фотавыставы “Баляслаў Аўгусціс. Міжваенны Беласток у аб’ектыве Майстра”. Нягледзячы на тое, што здымкі зробленыя больш за 80 гадоў таму,  публічна іх прадставілі зусім нядаўна.

12f63265c76

Справа ў тым, што негатывы праляжалі ў адным з закінутых хлявоў Беластока і былі знойдзены падлеткамі выпадкова, толькі ў 2004-м годзе. Кажа начальнік галоўнага ўпраўлення культуры і па справах моладзі Берасцейскага аблвыканкама Аляксандр Мурашкін, які адкрываў экспазіцыю:

– Мы бачым фотаздымкі перадваеннага жыцця, радасць жыцця, цудоўных жанчын і дзяцей, бачым мір – і гэта самае галоўнае сёння.

Няклюдава Таццяна, намесніца дырэктара па навуковай працы Берасцейскага абласнога краязнаўчага музея:

– Выстава цікавая тым, што яна адлюстроўвае міжваенную эпоху. На месцы Беластока можна ўявіць любы іншы горад міжваеннай Польшчы. На нас з кожнага здымка глядзяць людзі. Гэта не проста здымкі будынкаў, вуліц горада, гэта людзі – захаванае фотаімгненне.

Лёс самога Баляслава Аўгусціса, як і многіх у тыя часы, склаўся трагічна. Напярэдадні 1940-х ён быў рэпрэсаваны ўладамі СССР і высланы ў Сібір, з пачаткам Другой сусветнай ваяваў у Арміі Андэрса, а пасля жыў у Вялікабрытаніі і Новай Зеландыі, але больш ніколі не бачыў Польшчы. Таму і фотаздымкі, у пэўнай ступені і з гэтых прычынаў, раней не былі вядомыя свету. Уражаннямі дзеліцца наведвальніца Вольга, якая за дзень даведалася пра адкрыццё экспазіцыі:

– Няма такога агульнага ўражання, бо ўсё ж такі шмат людзей і хочацца больш камернасці. Таму я абавязкова яшчэ раз прыйду. Але тое, што я ўбачыла на некаторых фотаздымках, мне вельмі спадабалася. Я была на Беласточчыне, я ведаю Беласток. І гэтыя здымкі вельмі атмасферныя. Яны перадаюць дух горада, дух эпохі і дух той шматнацыянальнасці.

Сярод наведвальнікаў былі прадстаўнікі дыпламатычных корпусаў Польшчы і Украіны, а таксама Ганаровы консул Францыі ў Берасці, работнікі сферы культуры, мастакі і ўлады гораду. Выстава будзе размешчана на другім паверсе музея і будзе працаваць на працягу месяца.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце