У Беластоку выйшлі тры новыя кнігі Станіслава Пачобута



У беластоцкім выдавецтве “Prymat” пабачылі свет тры кнігі гарадзенскага краязнаўцы Станіслава Пачобута. Першы том шляхаводніка “Вядомая і невядомая Гародня” знаёміць чытачоў з гісторыяй горада над Нёманам ад яго першых ўзгадак у летапісах да 1939 года. Два тамы прозы “Smutna milość kresowa” уяўляюць сабой фрагменты нататак паляка – афіцэра савецкай арміі, які паходзіць з Прынёмання, з мясцінаў, дзе нарадзіўся і сам аўтар:

– Маем крэсовую культуру, маем крэсовыя песні, маем крэсовае выяўленчае мастацтва. Як мы можаем не карыстацца гэтым словам? Слова “крэсы” павінна нас аб’ядноўваць, людзей, якія тут жывуць – мы з крэсаў, мы народ змагарны, народ патрыятычны, як беларусы, так і палякі.

Станіслаў Пачобут апошнім часам выдаў 8 кніг – гэта турыстычныя шляхаводнікі і невялікія празаічныя замалёўкі, прысвечаныя палякам, якія стагоддзямі жывуць на гэтай зямлі. Свае кнігі аўтар піша і друкуе на польскай мове. Бліжэйшым часам ён мае намер выдаць другі том шляхаводніка “Вядомая і невядомая Гародня”.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня