У Берасці адкрылася выстава керамікі



Ганчарныя вырабы з розных краінаў Свету прадставілі ў выставачнай залі Берасцейскага абласнога грамадска-культурнага цэнтра. Аднак, асноўная частка экспазіцыі была прысвечана рамяству з вёскі Гарадная што на Століншчыне. Падрабязней пра айчыннае глінянае майстэрства кажа дырэктар Цэнтра ганчарства ў Гарадной Васіль Казачок, які прысутнічаў на ўрачыстым адкрыцці выставы:

— Гарадная заўсёды была і застаецца найбольшым цэнтрам ганчарства ў Беларусі. На жаль, час сваё бярэ і з’яўляецца сучасны посуд, які мае і эстэтычна лепшы выгляд і практычны, але тое, што рабілі нашы продкі працягвае карыстацца попытам, асабліва ў сельскай мясцовасці.

У наш час намаганнямі мясцовых уладаў, установаў культуры і жыхароў рэгіёнаў дзе было распаўсюджана ганчарства, папулярызуюць і аднаўляюць гэты від традыцыйнага рамяства. Акрамя шараговых выставаў, да прыкладу на Століншчыне, штогод адбываюцца міжнародныя пленэры ганчароў, а таксама кірмашы дзе можна набыць посуд і іншыя вырабы з гліны. Выстава ў Берасці працягнецца яшчэ некалькі тыдняў па адрасе: вул. Савецкая, 54.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце