У Берасці святкавалі Нобеля



Нацыянальнае тэлебачанне Беларусі не вяло прамой трансляцыі з цырымоніі ўзнагароджання лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі, таму частка берасцейцаў вырашыла арганізаваць супольныя прагляды як мінімум на трох пляцоўках горада.

4

Дзве з іх, агенцтва “Дзедзіч” і “Прастора тэатру Крылы Халопа”, у дадатак далучліся і да флэшмобу “#нобельразам”. Падрабязней кажуць самі ўдзельнікі ўрачыстасцяў абедзьвюх пляцовак:

– Яшчэ два тыдні таму да нас завітаў Міхал Анемпадыстаў. Ён распавёў пра тое, што будзе флэшмоб #нобельразам. Мы адразу вырашылі далучыцца. Бо гэта сапраўды знакавая гістарычная падзея. Мы вырашылі глядзець гэтую трансляцыю разам і зрабіць для сябе такое свята.

– Люблю, калі збіраюцца інтэлігентныя людзі. Гэта была выдатная нагода, каб прыйсці сюды і паглядзець уручэнне Нобелеўскай прэміі Святлане Алексіевіч.

Апроч некамерцыйных культурніцкіх пляцовак гораду, трансляцыя ўзнагароджання вялася і ў папулярным сярод моладзі Берасця грыль-бары “KOROVA”. Жадаючыя пакідалі Святлане Алексіевіч адмысловыя віншаванні, паштоўкі і нататкі ў адмысловыя скрыні. Гэта безумоўна свята, бо невядома ці пабачым пры жыцці яшчэ такую падзею з удзелам грамадзян нашай краіны, – зазначылі арганізатары супольных праглядаў.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Фота аўтара