У „Доме 46” разважалі пра сучаснае мастацтва



На гарадзенскай арт-пляцоўцы „Дом 46” прайшла сустрэча, прысвечаная сучаснаму мастацтву. Мастацтвазнаўца Таццяна Арцімовіч на прыкладзе беларускіх і замежных праектаў распавяла пра страты і магчымасці мастацтва ў эпоху новых медыяў. „Змены ў сучасным мастацтве адбываюцца кожны дзень,” – кажа Таццяна.

– Мастакі будуць ісці ў непасрэдным кантакце з вучонымі, гэта з аднаго боку, з другога боку, я думаю, магчымы пэўны адкат, і, насыціўшыся нематэрыяльным мастацтвам, мастаку захочацца зноў працаваць рукамі. Мне важна, што гэтыя праекты прымушаюць нас задавацца такімі пытаннямі.

Вольга Палевікова, рэдактарка часопіса 34Mag.net: Цягам апошніх паўтара гадоў мы намагаемся рэгулярна вазіць розных культурных дзеячаў беларускай культурнай сцэны ў рэгіянальныя гарады. Нашая мэта – пазнаёміць Менск з рэгіянальнымі гарадамі і пазнаёміць гарады з Менскам.

 

Гэта была ўжо чацвёртая рэгіянальная адукацыйная сустрэча, арганізаваная сёлета 34mag.net і Euroradio. У студзені ў Віцебск прыязджала журналістка і даследчыца гарадской культуры Ганна Пазняк, у Берасці выступала каманда галерэі сучаснага мастацтва «Ў». Арганізатары абяцаюць праз месяц правесці яшчэ адну сустрэчу ў Гародні. Хто будзе наступным госцем, яны пакуль трымаюць у сакрэце.

Беларускае Радыё Рацыя