У «Энергетыку» Алесь Клышка распавядаў пра Менскую зямлю



У санаторыі «Энергетык» Ваўкавыскага раёна перад адпачываючымі выступіў беларускі паэт, публіцыст, кандыдат тэхнічных навук Алесь Клышка з Менска.

Спадар Клышка распавёў прысутным пра сваю творчасць, найперш пра кнігу «Менская зямля» і дакументальны фільм пра Менск.

«Менская зямля» Алеся Клышкі – найбольш «асабісты» твор паэта. І не таму, што ён у сваёй аснове аўтабіяграфічны – ён самае яркае мастацкае выяўленне адной з асноўных ідэй аўтара: паказаць чалавечнасць, маральную вышыню простага чалавека-гараджаніна, яго нялёгкае жыццё і ягонае няпростае, але светлае шчасце.

Некалькі гадзін працягвалася сустрэча з беларускім літаратарам, які адказаў на шматлікія пытанні прысутных, а таксама падараваў бібліятэцы санаторыя свае кнігі. «Кожны чалавек можа шмат распавесці пра свой род, сваю хату, мястэчка, бо з такіх вось маленькіх аповедаў і складаецца наша вялікая гісторыя, гісторыя нашай Бацькаўшчыны», — сказаў Алесь Клышка.

Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя, Ваўкавыскі раён