У Гайнаўцы фотавыстава «Жанчыны свету»



Выстава фотаздымкаў Мікалая Несцяровіча пад назвай «Жанчыны свету» адкрылася ў Беларускім музеі ў Гайнаўцы.

racinieuski_vystava_niesciarovicz_1

Несцяровіч, як творца фільмаў ды шматгадовы карэспандэнт польскага тэлебачання пабываў у розных рэгіёнах свету. Плёнам гэтых падарожжаў сталі фотаздымкі,  якія мы цяпер бачым, кажа ягоны сын, Пётр Несцяровіч:

— Найцікавейшае ў тым матэрыяле, які ён сабраў, гэта як кажуць слабейшая, але найпрыгажэйшая частка наша — жанчыны. Дзяўчыны, якія жывуць недзе ў Азіі, у Афрыцы, бедныя і багатыя, але ён заўсёды звяртаў увагу на іхную прыгажосць. І тая выстава — збор усяго найлепшага і найпрыгажэйшага, што можна знайсці ў свеце.   

У час адкрыцця выставы фотаздымкаў Мікалая Несцяровіча, можна было таксама ўбачыць ягоныя малюнкі, адбылася прэзентацыя фільма ягонага ж аўтарства: «Паштоўка з неба».

Фотавыставу «Жанчыны свету» і малюнкі Мікалая Несцяровіча ў Беларускім музеі ў Гайнаўцы можна будзе пабачыць да канца студзеня 2016 года.

Мацей Рацінеўскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гайнаўка

Фота аўтара