У Гайнаўцы развіталіся з Аляксеем Харкевічам



Сёння быў пахаваны Аляксей Харкевіч, настаўнік і грамадскі дзеяч з Беласточчыны. Беларускасць была для яго важнейшай справай жыцця. На могілках у Новым Ляўкове прамовіў сябра памерлага, беларускі дзеяч і настаўнік Васіль Сакоўскі:

– Яго ідэалам было вярнуцца дадому, да сваёй зямелькі. Любіў вельмі сваю вёску, сваіх людзей, сваю культуру, бо быў добрым чалавекам, добрым беларусам, добрым хрысціянінам. Ад імя Культурнага цэнтра Беларусі ў Варшаве прыміце шчырыя спачуванні. Усё яго жыццё  было цалкам прысвечана служэнню беларускай асвеце і культуры, ён пакінуў пасля сябе светлую памяць. Вечны яму супакой.  

Аляксей Харкевіч памёр у 82 гады. Быў скаўтам, настаўнікам, спяваў у царкоўных хорах, у калектыве „Рэха пушчы”, арганізоўваў універсітэт трэцяга веку ды Беларускі музей і асяродак беларускай культуры ў Гайнаўцы.

Радэк Дамброўскі, Беларускае Радыё Рацыя