Выйшла манаграфія „Канфесійны фактар у сацыяльным развіцці Беларусі”



Амаль пяцісотстаронкавая манаграфія „Канфесійны фактар у сацыяльным развіцці Беларусі (канец XVIII-пачатак XX стагоддзяў)” была прадстаўлена ў Гарадзенскім музеі гісторыі рэлігіі.

P1230450

Да гэтай працы далучыліся вядомыя даследчыкі з Акадэміі Навук Беларусі, а таксама гарадзенскага ўніверсітэту. Кажа ўкладальніца манаграфіі кандыдат гістарычных навук Валянціна Яноўская:

– Упершыню ў акадэмічным выданні мы ўвялі матэрыял, які адлюстроўвае рэакцыю беларускага грамадства і міжнародны рэзананс на палітыку рэфармавання і ліквідацыю ўніяцкай царквы. Гэты матэрыял пададзены на вялікай колькасці архіўных дакументаў, якія ўпершыню ўключаюцца ў акадэмічнае выданне. Мы імкнуліся як мага бліжэй падыйсці да ісціны, паказаць ролю ўсіх канфесій – дзесьці станоўчую, дзесьці адмоўную, але тое, што адбывалася. Гэта наша гісторыя.

Прэзентацыя кнігі прайшла акурат за дзень да нацыянальнага эўхарыстычнага кангрэсу, які мае адбыцца ў Гародні.  У гэтай манаграфіі разглядаюцца тэмы дабрачыннасці, адукацыі, удзелу ў паўстаннях Беларусі сьвятароў і вернікаў, а таксама тэма калабарацыі з Расейскай імперскай уладай.

P1230440

Гэта першая сінтэтычная манаграфія, у якой дасьледаваны ўсе існуючыя канфесіі Беларусі ў акрэсьлены перыяд. Манаграфія зацікавіла ня толькі гарадзенскіх навукоўцаў, але і сьвятароў Грэка-каталіцкай, Праваслаўнай, Рыма-каталіцкай Цэркваў, якія прысутнічалі на імпрэзе.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота аўтара