У Гародні адкрылася выстава «Вышыта з любоўю»



Выстава ўнікальнай для Беларусі шматслойнай вышыўкі пад назвай: «Вышыта з любоўю» адкрылася ў Гародні. У гарадзенскім метадычным цэнтры  народнай творчасці выстава будзе адкрыта для наведнікаў цягам месяца. Майстрыхі ўжо сем гадоў уваходзяць у клуб вышыўкі „Радасць”, які існуе пры абласной бібліятэцы, што ў Новым Замку. Кажа ўдзельніца гэтага клуба, Галіна Бойка:

— Мне падабаецца сумяшчэнне тэхнікаў. Маслам там, дзе можна нешта намаляваць, і да гэтага вышыць аб’ёмнай вышыўкай. Таксама я займаюся скуранымі вырабамі, выпальваннем, — і ўсё гэта адлюстроўваецца ў карцінах. Гэта мне падабаецца. Мае працы ў канцы залі: «Таскана. Італія», «Японія», «Міжземнамор’е», кветкавыя працы. З 2000 года, у студыі Аляўціны Герасімаўны, калі дзесьці былі нейкія мерапрыемствы, я ўдзельнічала.  

 Пачынальніцай тэхнікі шматслойнай мастацкай гладзі была гарадзенка Аляўціна Кавалеўская, якая ўжо пакінула гэты свет некалькі гадоў таму. Цяпер яе вучаніцы, пераемніцы тэхнікі працягваюць і ўдасканальваюць «мастацтва ў нітках».

 На вернісажы музычную праграму ўдзельнікам падараваў народны ансамбль „Нёман”.

https://youtu.be/OtetpB4oFg8

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара