У Гародні адкрылі «Імгненні гарадзенскай прыгажосці»



Больш за 100 здымкаў, што паказваюць усе бакі гарадзенскага жыцця,  можна пабачыць на выставе “Імгненні гарадзенскай прыгажосці”. Выстава адкрылася ў гарадзенскай выставачнай зале па вуліцы Ажэшкі, і падрыхтавана да 44-годдзя Гарадзенскага народнага фотаклуба і да 888-годдзя Гародні.

Пра тое, што можна пабачыць на выставе, распавядае старшыня гарадзенскага фотаклуба Аляксандр Ласмінскі:

— Адметнасць выставы ў колькасці аўтараў. Народны фотаклуб Гародні як і раней карыстаецца папулярнасцю. Мы вучым мець свой погляд на жыццё праз аб’ектыў фотаапарата. Самае галоўнае, вучым як разглядзець прыгажосць.

Гарадзенскі фатограф Яўген Кандратовіч:

— Такая выстава на маю думку патрэбная, каб паказаць людзям, што існуе такі фотаклуб у Гародні, што ёсць шмат цікавых аўтараў у нашым горадзе, якія робяць файныя здымкі.

 Сяргей Марозаў:

— Тут прадстаўлены фотаздымкі Гародні, ці звязаныя з Гародняй. Робіцца гэта выстава дзеля таго, каб гараджане і госці нашага горада маглі паглядзець на прыгажосць, бо мы не заўсёды ходзім у тых месцах, дзе зроблены гэтыя здымкі і далёка не заўсёды звяртаем на гэта ўвагу.

На адкрыццё выставы завіталі аўтары рознага ўзросту ад 18 да 70 гадоў, а пабачыць здымкі гарадзенскіх майстраў фота можна будзе цягам бліжэйшых трох тыдняў.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня