У Гародні адзначылі 75-годдзе Міхася Ткачова



75 гадоў ад нараджэння славутага навукоўцы і грамадскага дзеяча Міхася Ткачова адзначылі гарадзенцы. Круглы стол, ускладанне кветак да мемарыяльнай шыльды гісторыка і выкладчыка правялі студэнты ўніверсітэта. Але цэнтральнай падзеяй сталася вечарына памяці з удзелам ветэранаў клуба „Паходня”. Яна прайшла ў Цэнтры гарадскога жыцця.

Згадвае Мхася Ткачова Мікола Воран:

– Па прыездзе дадому, у Гародню, я адразу ўключыўся ў той рух, які стварыў Міхась Аляксандравіч Ткачоў. Гэты рух атрымаў назву “Паходня”. Там сабралася шматлікая беларуская інтэлігенцыя. Гэта быў гісторыка-культурны клуб. Тая дзейнасць, якая пачала наша “Паходня”, практычна палажыла пачатак усяму беларускаму руху на Гарадзеншчыне, руху за адраджэнне.

Апрача таго, што Міхась Ткачоў быў выдатным навукоўцам, некаторы час нават з’яўляўся рэдактарам Беларускай Гістарычнай Энцыклапедыі, але быў ён і адметным педагогам, якога любілі студэнты. А калі стаў прэзідэнтам „Паходні”, то яго высока ацанілі гарадзенцы і зненавідзелі камуністычныя функцыянеры.

Кажа Мікола Таранда, кіраўнік клубу „Паходня”:

– Мне пасля сказалі, мы табе так давяралі, а ты антысаветчыка паставіў на такую пасаду. І ўсе астатнія гады, пакуль Ткачоў знаходзіўся ў Гародні, ён быў нашай абаронай. Таму што мы былі нейкія “экстрэмісты”, усюды ўлазілі, а Ткачову за гэта даставаліся шышкі, прычым настолькі, што давялося з’ехаць да Менску. І там ён вельмі шмат зрабіў, выпусціўшы два тамы беларускай энцыклапедыі. Я лічу, што самыя вартыя. Народ яго любіў. Народ хадзіў да Ткачова, падтрымліваў на выбарах.

Пражыў Міхась Ткачоў усяго 50 год. Але за гэты паўвекавы перыяд ён адкрыў беларусам Беларусь,  з яе замками і палацамі, якія даследаваў і пра якія пісаў у сваіх кнігах.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара