У Гародні – чарговы фэст нацыянальных культур



Чаго чакаюць гарадзенцы ад фэсту нацыянальных культур? Ён пройдзе ў 11-ты раз з 3 да 5 чэрвеня. Гэты фэст адбываецца ў Гародні кожныя два гады.  Свята збярэ 37 розных нацыянальных аб’яднанняў, якія пакажуць свае дасягненні на 28 падворках.

– Мы чакаем каб у нашай краіне сёння і надалей быў спакой, каб пазбегнуць міжнацыянальных канфліктаў. Гэта, напэўна, галоўнае чаканне ад гэтых і ўсіх іншых мерапрыемстваў.

– Чакаем сам дзень, чакаем гулянні, чакаем пакупкі, чакаем сувеніры для сваіх родных. Таму варта пажадаць добрага надвор’я, добрага настрою.

– Пахадзіць, паглядзець, можа што прывязуць,  якія-небудзь цікавыя сувеніры.

– Зноў палову горада перакрыюць – не праехаць, не прайсці. Паставяць загардкі. Будуць хадзіць натоўпы народу.

– Для гэтага фестывалю я зрабіла б арт-пляцоўкі. Гэта невялікія ўкладанні. Тут можна было б праводзіць цудоўныя мерапрыемствы, у якіх можна было б задзейнічаць прадстаўнікоў усіх нацыянальнасцяў. І гэта была б Арт-Гародня.

– Сапраўдныя гарадзенцы на гэты час увогуле з’язджаюць з гораду, таму што гэта нейкае псеўдасвята, псеўдафестываль. Тое, што было задумана калісьці,  – даўно страчана. Зараз усё адбываецца чыста для галачкі, нейкае шоў, нейкі хаос.

Распачнецца мерапрыемства вялікім канцэртам арганнай музыкі ў гарадзенскай кірсе, а скончыцца вогненна-светавым перформансам ад тэатру агню ўвечары 5 чэрвеня на “Швейцарскай даліне”.

Беларускае Радыё Рацыя