У Гародні гучалі песні на мове ладзіна



Асацыяцыя іўдэя-хрысціянскага дыялога “Shomer – International” і беластоцкае таварыства сяброў габрэйскай культуры зладзілі ў Гародні канцэрт маладых таленавітых  выканаўцаў – Ізабэлы Шафраньскай і Паўла Сакалоўскага.

kancert9

Польскія артысты прадставілі творы як на ладзіна – іўдэя-кастыльскай мове, так і польскія песні.

Паўтарагадзінны канцэрт быў прысвечаны папулярызацыі ідэй талеранстнасці і, як зазначыў дырэктар прадстаўніцтва  Асацыяцыі іўдэя-хрысціянскага дыялога “Shomer – International” у Беларусі Яўген Калодзін, з’яўляецца прыкладам добрасуседскіх адносін паміж гарадамі-пабрацімамі:

– Адной з галоўных мэт з’яўляецца папулярызацыя ідэй павагі да іншых культураў, іншых народаў. Таму мы лічым, што падобнымі музычнымі акцыямі можна дасягнуць вялікіх мэтаў.

У канцэрце, акрамя польскіх выканаўцаў, прынялі ўдзел гарадзенскі саксафаніст Аляксандар Краўчук і танцавальны дуэт Юрыя і Луны  Зябкіных. 15 лютага а 16-й гадзіне Ізабэла Шафраньская і Павал Сакалоўскі выступяць перад менскай публікай у габрэйскім цэнтры на вуліцы Веры Харужай, 28.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня