У Гародні прадставілі краязнаўчыя кнігі



Некалькі дзясяткаў гарадзенцаў завіталі на прэзентацыю выданняў «Гродна і гродненцы» Віктара Саяпіна і «Шлях дзяўчыны з Гродна» Марыны Шэпялевіч. Дзея адбылася ў цэнтральнай гарадской бібліятэцы імя Макаёнка. Сустрэча суправаджалася паказам фільма пра Саяпіна, а таксама была прадстаўлена цэлая калекцыя яго выданняў. Пра сустрэчу распавядае Аляксандр Рыжы – галоўны рэдактар выдавецтва «ЮрСаПринт».

– Я так лічу, што, па-першае, кожны аўтар, кожны выдавец павінен ісці да народа. Бо адна рэч – кнігарня, а зусім іншая рэч – жывая сустрэча з чытачамі і супрацоўнікамі бібліятэк.

Па словах Марыны Шэпялевіч, аўтаркі кнігі пра жыццё ў гарадзенскім гета, у сучасным свеце інтэрнэту цікаўнасць да папяровых выданняў не губляецца.

– Хоць мы і кажам, што цяпер час інтэрнэту і мы можам усё атрымаць у электронным доступе, але я думаю, што кожны сапраўдны аматар кнігі павінен мець яе ў надрукаваным фармаце. Чаму? Па-першае, гэтая інфармацыя заўсёды пад рукой. Яе ніколі не закране нейкі тэхнічны бок, які можа зрабіць інфармацыю недаступнай. І ў кнігах мы захоўваем памяць. Захоўваем тое, што хочам перадаць у гэтых кнігах: не сябе, а сваю гісторыю. У прыватнасці, калі гаворым пра краязнаўчыя выданні.

Прадстаўнікі бібліятэчнай сістэмы Гародні запэўнілі, што падобныя сустрэчы плануюцца амаль ва ўсіх 13 гарадзенскіх бібліятэках, а таксама анансавалі праект для невідушчых гарадзенцаў. Цягам 2017 года бібліятэчная сістэма разам з гарадзенскімі ды-джэямі плануе агучыць некалькі кніг краязнаўцы Віктара Саяпіна.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня