У Гародні прэзентавалі гульню «Мова»



Першы паказ анансаванай настольнай гульні „Мова” прайшоў у Гародні. Выданне гэтай гульні стала вынікам супрацы аўтараў вядомай ўжо картачнай гульні „Паўстанцы” з моўнымі курсамі „Мова Нанова”. Гульня дае дадатковы матыў вывучаць беларускую мову, назапашваць беларускія словы, каб уключыць іх у паўсядзённы ўжытак.

Навучаў правілам гульні Антось Янкоўскі, гаспадар крамы „Кубік”:

 — Гэта пакуль чарнавы варыянт, самадрук. Заўтра мы ўбачым першы варыянт з друкарні, як гэта будзе выглядаць па якасці. А друкаваць будзем у Менску, у мяне там ёсць знаёмыя, якія займаюцца афсетам і прапаноўваюць нам добрыя варыянты далейшага супрацоўніцтва. Дызайн будзе амаль што такі: адсоткаў на 80 дызайн прадстаўлены. Нешта будзе яшчэ дапрацоўвацца, але механіку гульні ўжо можна паглядзець, паспрабаваць. У гульні ёсць 5 варыянтаў: ёсць так званы варыянт мега-гульні, калі можна выкарыстоўваць усе варыянты запар. Мы паспрабуем згуляць у спрошчаны варыянт мега-гульні, каб паспрабаваць усе варыянты: паглядзець, пагуляць, прэзентаваць. 

Паколькі гэты праект некамерцыйны, арганізаваны збор сродкаў праз сайт Талака. Пакуль, як паведаміў Антось Янкоўскі, сабраная трэць сумы, неабходнай для выхаду накладу якаснай „настолкі”. Кожны, хто хоча спрычыніцца да выхаду гульні можа азнаёміцца з правіламі аказання фінансавай дапамогі на сайце talaka.by

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня