У Гародні прайшло свята „Эліза Ажэшка і яе акружэнне”



Каля доміка Элізы Ажэшкі, што насупраць гарадзенскага Купаўскага ўніверсітэта прайшло штогадовае свята, прысвечанае Элізе Ажэшцы. Гэтым годам мерапрыемства мела назву «Эліза Ажэшка і яе акружэнне» і распавядала пра тых людзей, з якімі пісьменніца магла сустрэцца жывучы ў Гародні: Цётка, Максім Багдановіч, Францішак Багушэвіч. Чытанне вершаў суправаджалі выступы народных ансамбляў, а пачалася сустрэча з таго, што адзін з гарадзенскіх хораў выканаў паланэз Агінскага «Развітанне з Радзімай».

Пра свята кажа адна з яго наведніц:

– Такое свята ўвогуле патрэбнае. І асабліва калі яго не камернае, а вынесенае ў такую прастору – як Швейцарская даліна. Па-першае, гэта ўражвае. Гэта прыцягвае нават тых старонніх, хто далёкі ад літаратуры, паэзіі і ўвогуле заняты матэрыяльнымі справамі. Заінтрыгаванны дзеяннем, ён проста задумваецца: а што ёсць у нас у паэзіі? І магчыма адгукнецца наступны раз на падобную імпрэзу.

Аднак найбольш гэтае свята спадабалася малым гарадзенцам: розныя гульні і забавы працягваліся ўвесь дзень пакуль дарослыя спявалі песні ці чыталі вершы.

Беларускае Радыё Рацыя