У Гародні прэзентавалі „Гарадзенскі соцыум”



Прэзентацыя гістарычнага навуковага зборніка „Гарадзенскі соцыум” прайшла на дні Святога Губерта. У памяшканні „Цэнтра гарадскога жыцця Гародні” былі аматары гісторыі, культуры, а таксама мясцовыя аўтары зборніка. Гэты восьмы нумар зборніка паказвае, што гароднязнаўства перайшло ў іншую фазу даследаванняў, пра якую сказаў прафесар Алесь Смалянчук, галоўны рэдактар нумара:

Калі мы гаворым пра дасягненні, пра тое, што зроблена, то гэта не толькі “Гарадзенскі соцыум”, але і “Гарадзенскі палімпсест”, гэта і “Горад Святога Губерта” – рэдактар Іна Соркіна. Згадалі сёння “Біяграфію гарадзенскіх вуліц”. Гэта і “Гародня Х-ХХ стст. Каралеўскі горад з правінцыйным лёсам” – том нашай калектыўнай манаграфіі. Тут сапраўды шмат зроблена. Столькі цікавых тэм. І цікавыя яны будуць не толькі гісторыкам, але і сённяшнім гараджанам.

Выданне, якое папулярызуе веды пра мінулае Гарадзеншчыны, створана гарадзенскімі пазабюджэтнымі гістарыкамі, пакуль не мае канкурэнцыі ў Гародні. Прынамсі ў дзяржаўным Купалаўскім універсітэце  даследчага мясцовага выдання так і не паўстала, нават у час, калі быў гістарычны факультэт.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота аўтара