У Гародні прэзентавалі ўнікальную кнігу па філатэліі



Кнігу “Беларуская паштовая марка: ад вытокаў да эміграцыі і Незалежнасці” прадставіў у Цэнтры гарадскога жыцця яе аўтар Лявон Карповіч. Спадар Карповіч з’яўляецца зацятым збіральнікам паштовых марак, піша артыкулы на гэтую тэму і яго кніга па айчыннай філатэліі стала першай выдадзенай па-беларуску.

Кажа Лявон Карповіч:

– Мне не ўдалося знайсці кніжку пра беларускія маркі, ды яшчэ на беларускай мове. Магчыма недзе ёсць. Я буду шчаслівы, калі яна ёсць. Але мне не ўдалося знайсці. Многа ёсць публікацый па асобных тэмах. І хоць я не прафесар па філатэліі, але ў выніку таго, што была “белая пляма”, то вырашыў, раз у мяне ёсць сабраныя матэрыялы, то надрукую іх. Можа кагосьці гэта падштурхне.

Кіраўнік народнага клуба “Скарабей” Віктар Какарэка вельмі ўсцешаны, што на Гарадзеншчыне з’явілася такая кніга.

– Як для калекцыянера, канешне, кніга цікавая. У нас не так шмат такой літаратуры выходзіць. Цікава апісвае ўвесь перыяд, звязаны з маркамі і філатэліяй на тэрыторыі Беларусі, і ў прыватнасці на Гарадзеншчыне. Шмат збіраем, шмат цікавых марак выходзіць, калекцыі фарміруюцца, і будзем імкнуцца больш шырока паказваць іх людзям.

Наступная прэзентацыя выдання пра беларускую філатэлію адбудзецца ў Гародні ў народным клубе калекцыянераў “Скарабей” у пачатку красавіка.

Беларускае Радыё Рацыя