У Гародні рэстаўруюць Пабрыгіцкі кляштар



Дом міласэрнасці, школа іконапісання, катэхізічны інстытут і майстэрні па аднаўленні абразоў паўстануць у Пабрыгіцкім кляштары Гародні пасля яго аднаўлення.

brygitki6

Рэстаўрацыйныя працы пры ўмове бесперапыннага фінансавання разлічаныя на тры гады. Як зазначае інжынер тэхнічнага нагляду Мікалай Васілевіч, будаўнікі адказна падыходзяць да справы і маюць намер максімальна захаваць аўтэнтычны выгляд помніка архітэктуры XVII стагоддзя:

– Зараз мы аднаўляем сцены прыбудовы да новага корпусу. Сцены і фундамент знаходзіліся ў аварыйным стане, і пакідаць іх так было нельга. Цэгла  пры разборцы была ачышчана і ізноў выкарыстоўваецца для кладкі сцен.

Пабрыгіцкі кляштар і касцёл Дабравешчання Найсвяцейшай Дзевы Марыі былі пабудаваныя у сямнаццатым стагоддзі дзякуючы фундушам надворнага маршалка літоўскага Крыштафа Весялоўскага і ягонай жонкі Аляксандры Марыяны з Сабескіх. Менавіта яны  ў 1634 годзе запрасілі ў Гародню ордэн брыгітак і надалі яму некалькі зямельных участкаў у самім горадзе і фальваркі ў Гарадзенскім і Ваўкавыскім паветах.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня