У Гародні – унікальная выстава прадметаў са шкла



Некалькі сотняў прадметаў са шкла можна пабачыць на выставе, што адкрылася ў гарадзенскім „Музеі побыта” Януша Паруліса. Кілішкі і бутылі, келіхі і розныя вазы – усё гэта можна не толькі пабачыць, але і патрымаць у руках.

par4

Збіральнік даўніны Януш Паруліс распавёў журналістам, што калекцыя распачалася з прадметаў, што захоўваліся ў ягонай сям’і:

– Шкло збіралася вельмі доўга. Тут ёсць прадметы, якія належалі маёй сям’і. Напрыклад, мая маці атрымала ў падарунак на вяселле графін і кілішкі фабрыкі „Нёман” з зялёнага шкла. На жаль, застаўся толькі адзін кілішак.

Па словах калекцыянера, на выставе больш за дзьве сотні прадметаў, якія прадстаўляюць побыт жыхароў Гародні ХІХ – ХХ стагоддзяў. Пабачыць гэтую выставу ў „Музеі побыта”, што па вуліцы Лермантава, гарадзенцы маюць магчымасць цягам бліжэйшага месяца.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня